Са скаргі чыноўнікаў мясцовага маштабу на недахоп сродкаў можна было б зрабіць выснову, што вядзецца пра могілкі каля нейкай апусцелай вёскі. Але ж не: Юнькі маюць паважны статус аграгарадку, дзе павінны ўважацца так званыя «сацыяльныя стандарты» – неабходны мінімум дабротаў для камфортнага пражывання. Падобна, на належнае ўтрыманне могілак яны не разлічаныя.
У Юньках пражываюць каля 300 чалавек. І іх ніяк нельга назваць абыякавымі да сваёй малой радзімы. Прыкладам, цэнтральную вуліцу аграгарадку ўпрыгожваюць туі, пасаджаныя вучнямі мясцовай школы, іхнымі настаўнікамі, работнікамі клубу і бібліятэкі. Калі ў 2015 годзе закладалася гэтая алея, старшыня сельвыканкаму Вячаслаў Урублеўскі абяцаў, што мясцовыя ўлады будуць спрыяць упарадкаванню Юнькаў, а тутэйшым насельнікам варта паклапаціцца хіба што пра прыгажосць на ўласных падворках – пасадзіць кветкі, пастрыгчы газоны…
Два гады таму ў Юньках адсвяткавалі 80-гадовы юбілей мясцовага сельсавету. А Юнькаўскі сельсавет немаленькі, на яго тэрыторыі месцяцца два сельгаспрадпрыемствы і Груздаўскае лясніцтва. У сацыяльнай інфраструктуры – базавая школа-сад, аддзяленне паштовай сувязі, 2 комплексныя прыёмныя пункты бытавога абслугоўвання насельніцтва, сельскі дом культуры, бібліятэка, 2 ФАПы, 3 магазіны. Улетку 2020-га году сям’я Алены і Аляксандра Зубко з Юнькаў перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Уладар сяла». І ўвогуле пастаўская «раёнка» рэгулярна рапартуе пра дасягненні юнькаўцаў, у тым ліку ў сферы ўпарадкавання аграгарадку. Тут нават збудавалі «лабірынт для мясцовых жыхароў і гасцей аграгарадку» – з дапамогай мясцовых уладаў, сябраў БРСМ і работнікаў культуры.
Вось толькі дзіўна, што на «лабірынт» з камення сродкі, час і «чалавечы рэсурс» знайшліся, а могілкі стаяць без брамы. І сельвыканкам вымушаны «стаяць з працягнутай рукой», спадзеючыся на дабрачыннасць. Бо грошай на ўпарадкаванне месца апошняга спачыну мясцовых жыхароў няма, паведамляе газета «Пастаўскі край». Але знаходзяцца сродкі на «заняткі ў межах рэспубліканскага праекту «Школа актыўнага грамадзяніна», патрыятычныя акцыі, экскурсіі, праграмы да дзяржаўных і іншых святаў». Усё гэта робіцца нібыта дзеля патрыятычнага выхавання ў Год гістарычнай памяці.
Юры Сініца