Пятніца, 22 Красавік 2022

Выйшлі з друку новыя паштоўкі па малюнках Паўла Севярынца. Якраз да Вялікадня

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Набор з 10-ці паштовак называецца « У сэрцы Беларусь». Гэта графічныя выявы храмаў – помнікаў архітэктуры. Сярод іх – віцебскія цэрквы Дабравешчання і Уваскрасення Хрыстова, а таксама глыбоцкія Траецкі касцёл і царквы Раства Багародзіцы. Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, палітвязень Павел Севярынец даслаў гэтыя малюнкі ў сваіх лістах са Шклоўскай калоніі. А на волі ягоная жонка Вольга вырашыла зрабіць з іх паштоўкі.

«За гэтыя амаль два гады Павел даслаў каля 200 лістоў мне і каля 100 лістоў сыну, большасць якіх з малюнкамі. Усе малюнкі і лісты мы з пяшчотай захоўваем, перачытваем, а некаторыя ілюстрацыі далей ідуць сваім шляхам у паштоўках і разлятаюцца па свеце. Мы, як і планавалі, паспелі да Вялікадня і хочам парадаваць сяброў і проста добрых людзей новым наборам паштовак. Гэты набор называецца «У сэрцы Беларусь». Цытаты і малюнкі ў гэтым наборы паштовак цалкам новыя. Усе камплементы аўтару з каментароў пастараемся перадаць», -- паведаміла Вольга Севярынец.

Жонка дасылае Паўлу Севярынцу каляровыя алоўкі і асадкі з чорным стрыжнем. Менавіта ў такой тэхніцы намаляваны храмы – помнікі беларускай архітэктуры.  Апрача ўласна выяваў, на паштоўках размешчаны вытрымкі з лістоў палітвязня. Ён знаходзіцца за кратамі  з чэрвеня 2020-га году, летась у траўні ён быў асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму “за арганізацыю масавых беспарадкаў”.

Паштоўкі з першага набору, які называецца  “Беларусь – гэта святое”,  і другі набор “У сэрцы Беларусь” можна набыць у беларускай хрысціянскай інтэрнэт-краме Kroplia.by.

Феліцыян Красоўскі