«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызналі старонку віцебскіх навін ў TikTok
На сайце Міністэрства інфармацыі абнавіўся спіс «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі. Там згаданы і TikTok-аккаунт «pravtb», прызнаны «экстрэмісцкім» па рашэнні Лідскага раённага суда Гродненскай вобласці ад 20 верасня. Гэты акаўнт мае 35 з паловай тысяч падпісчыкаў.
У Віцебску і 10 раёнах вобласці ў жніўні знізіўся сярэдні заробак
Гэта вымушана канстатаваць афіцыйная статыстыка: упершыню за досыць працяглы час не даводзіцца пахваліцца ростам заробку, хай сабе нават і сярэдняга. У жніўні намінальны налічаны сярэдні заробак у Віцебскай вобласці склаў 1998 рублёў 40 капеек. Гэта на 9 рублёў 80 капеек менш за ліпеньскі заробак. Зніжэнне заработнай платы ў жніўні ў параўнанні з ліпенем адбылося ў 10 раёнах і самім абласным цэнтры.
Віцебскі гарвыканкам інфармуе пра страляніну ў горадзе
Менавіта так можна акрэсліць афіцыйнае паведамленне наконт правядзення актыўнай фазы навучальнага збору ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў з 23 па 30 верасня 2024 г. па вул. Максіма Горкага (раён Рачнага порта). Грамадзян просяць паставіцца да вучэнняў з разуменнем і захоўваць спакой. Але гарадскія ўлады не паведамляюць, як трэба дзейнічаць цывільнаму насельніцтву ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.
У Віцебску будзе ажыццяўляцца практычная адпрацоўка тактычных заданняў і праводзіцца стральба са стралковай зброі, інфармуе гарвыканкам. Але ў дадзенай сітуацыі можа ўзнікнуць шэраг пытанняў наконт паўнаты і якасці прадстаўленай інфармацыі. Зварот да грамадзян аб правядзенні ваенных вучэнняў і стрэльбах па вул. Максіма Горкага без прадастаўлення кантактаў для экстранай сувязі і тлумачэнняў, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнага здарэння, выглядае няпоўным і недастаткова інфарматыўным. Гэта можа выклікаць у насельніцтва неспакой і незадаволенасць.