Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, органы дзяржаўнай улады абавязаны забяспечваць грамадзян своечасовай і поўнай інфармацыяй аб любых надзвычайных сітуацыях. У прыватнасці, інфармацыя павінна ўключаць прагназуемыя і надзвычайныя сітуацыі, меры бяспекі, а таксама кантакты экстраных службаў. У дадзеным паведамленні няма такіх важных рэчаў, як:
- Кантакты для экстранай сувязі.
Адсутнасць нумароў тэлефонаў, куды грамадзяне могуць звярнуцца ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, стварае рызыку непаразуменняў і няправільнага рэагавання ў патэнцыйна небяспечных сітуацыях.
- Інструкцыя па бяспецы.
Паведамленне не змяшчае рэкамендацый аб тым, як паводзіць сябе грамадзянам паблізу зоны вучэнняў. Незразумела, якім чынам будзе гарантавана бяспека жыхароў, а таксама якія іхныя дзеянні могуць мінімізаваць рызыкі: магчыма, у пэўны час сутак ім не варта пакідаць сваё жытло або пазбягаць з'яўлення на пэўных гарадскіх тэрыторыях.
- Вызначанасць па зоне вучэнняў.
У раёне Рачнога порта знаходзяцца жылыя дамы, крама, канцавы прыпынак некалькіх аўтобусаў і маршрутных таксі, гарадскія могілкі, заказнік «Чортава барада». Непадалёк месціцца сярэдняя школа №35. Але ў інфармацыйным паведамленні не пазначана, дзе канкрэтна будуць праходзіць вучэнні і ці будуць абмежаваныя перамяшчэнні грамадзян для іх жа бяспекі.
Між тым прадастаўленне больш падрабязнай інфармацыі - гэта спосаб палепшыць дыялог з насельніцтвам і павысіць узровень даверу да ўладаў у сітуацыях, звязаных з бяспекай.
Віктар Яшын