Серада, 14 Кастрычнік 2026

У прыхільніцы “русского мира” Эльвіры Мірсалімавай таксама ўзялі ўзор ДНК. Яна пракаментавала: “Гэта сапраўды зручна!”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Эльвіра Мірсалімава  паведаміла  ў сваім Тг-канале, што  яе выкдікалі на здачу біяматэрыялаў. “Насколько мне известно, ДНК собирают у всех родственников выдворенных из Белоруссии политических оппонентов. Но мне пояснили, это так: если мой труп найдут, меня сразу опознают. Подумала, что это, действительно, удобно, поэтому сдала”, - напісала Мірсалімава.

Сябе яна таксама ў пэўным сэнсе лічыць апанентам улады – калі сцвярджае, што ў Беларусі чыноўнікі занадта актыўна спрыяюць распаўсюду беларускай мовы і культуры, або калі сварыцца на прапагандыста Грыгорыя Азаронка, які часам згадвае Мірсалімаву ў сваіх тэлевізійных спічах. І, вядома, калі яе судзяць за “несанкцыянаванае пікетаванне” ў інтэрнэце, хаця “рускамірская” актывістка ўсяляк падкрэслівае, што яна “не бэчэбэшніца”.

Магчыма, пра узор ДНК ёй не паведамілі ўсёй праўды, або Эльвіра Мірсалімава яе свядома прыхоўвае. Сапраўды, генетычны матэрыял часта бяруць у сваякоў тых, хто находзіцца ў вымушанай палітычнай эміграцыі. Прыкладам, як яе сястра Крысціна, якая пакінула Беларусь пасля пераследу за ўдзел у пратэстах 2020 году. У адрозненне ад Эльвіры, яна не падтрымлівае ідэі " русского мира" і мае прабеларускія погляды.

UPD. Як Мірасалімава паведаміла пазней, цягам дня ёй "4 разы патэлефанавалі з розных аддзелаў міліцыі". У чым справа, яна не патлумачыла, але мяркуючы па рэгулярных выхадах у сацсеткі, яна на волі. 

Рашыд Усманаў