Пятніца, 16 Кастрычнік 2026

Пенсіянеры з ваколіц Магілёва пратэстуюць супраць далучэння іх вёсак да Дрыбінскага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яшчэ ўвесну стала вядома, што беларускія ўлады вырашылі гвалтам павялічыць тэрыторыю Дрыбінскага раёна як самага маленькага ў краіне. Новы адміністрацыйны падзел не ўзгадняўся з мясцовым насельніцтвам: людзям проста паведамілі, што Дрыбінскі раён будзе павялічаны за кошт далучэння частак тэрыторый  Шклоўскага, Горацкага і Магілёўскага раёнаў. Разам з зямлёй і прыгоннымі сялянамі да Дрыбінскага раёна будуць далучаны і прадпрыемствы, якія знаходзяцца да гэтых тэрыторый.

Што гэта азначае для іх на практыцы, у TikTok распавялі жыхары вёсак Магілёўскага раёна, якіх вырашылі прымусова зрабіць “дрыбінцамі”.  Для пенсіянераў – а менавіта яны складаюць большасць насельніцтва вёсак, якія вырашана далучыць, змены нясуць вялікія нязручнасці. Яны кажуць, што новы цэнтр раёна знаходзіцца ад іх за 60 км, тады як Магілёў – за 20, прычым у абласным цэнтры у многіх ёсць маладзейшыя сваякі, якія могуць дапамагчы ў вырашэнні жыццёвых пытанняў: дапамагчы дабрацца дадому ці ў госці, запісаць да лекара, вырашыць пытанні з раённымі ўладамі. У далёкім Дрыбіне – усё чужое, ды людзям проста нязручна перакройваць свае патрэбы пад новае адміністрацыйнае падзяленне.

Таму вясковыя пенсіянеры запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай правесці павелічэнне Дрыбінскага раёна больш гнутка- каб яно не парушаў інтарэсы жыхароў іншых рэгіёнаў. У каментарах гледачы падтрымалі гэтую ініцыятыву, заўважаючы, што ў 21-м стагоддзі з людзьмі нельга абыходзіцца так, як у часы прыгоннага права. 

Людміла Сёміна