У Полацкай гарадской бальніцы бракуе трэцяй часткі персаналу, але кіраўніцтва робіць выгляд, што ўсё ў парадку
Ва ўстанове аховы здароўя «Полацкая ЦГБ» прайшло пасяджэнне выніковага медыка-санітарнага савета. На ім падсумоўвалі вынікі працы за 2023г., якая была накіравана на "забеспячэнне даступнасці меддапамогі, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ў рэгіёне, эфектыўнасці медпаслуг, павышэнне кадравага патэнцыялу". З апошнім атрымаўся поўны канфуз: паводле справаздачы кіраўніцтва, укамплектаванасць бальніцы па фізічных асобах складае усяго 62,6%, па штатных адзінках – 91,75%. На практыцы гэта азначае, што замест трох адмыслоўцаў пэўнага профілю працуе адзін, а то і ўвогуле ва ўстанове няма патрэбных спецыялістаў.
Трактарысты і зваршчыкі краіне не патрэбны. Даеш болей міліцыянтаў!
Вельмі дзіўная імпрэза пра прафесійнай арыентацыі прайшла ў Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Тады як паўсюдна гавораць пра неабходнасць гадаваць кадры для сельскай гаспадаркі, каб моладзь заставалася працаваць на сяле, навучэнцаў дубровенскага каледжа і старшакласнікаў мясцовай сярэдняй школы агітавалі ісці ў міліцыянты. На сустрэчу з маладымі людзьмі прыехалі прадстаўнікі аддзелаў кадраў розных міліцэйскіх падраздзяленняў, супрацоўнікі АМАПа і ДАІ. Усе яны агітавалі хлопцаў і дзяўчат папоўніць шэрагі сваіх структур.