Лідзія Сагідуліна, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» па Віцебскай вобласьці, зьвярнулася да грамадзян з заклікам стаць кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Ахвотныя запрашаюцца далучыцца да каманды будучых кандыдатаў ад «Гавары праўду», якіх сёньня, паводле Лідзіі Сагідулінай, у рэгіёне ўжо некалькі дзясяткаў чалавек.

Група грамадзян, якая вылучала сябру Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава ў Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію, паспрабавала абскардзіць у судзе рашэньне Віцебскага аблвыканкаму і Прэзыдыюму Віцебскага абласнога савету дэпутатаў аб утварэньні камісіі. Безвынікова – судзьдзя Натальля Хількевіч пастанавіла, што парушэньняў пры фармаваньні абласной выбарчай камісіі не было.

Абласная газэта “Витебские вести” падвяла вынікі этапу фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. І паведаміла чытачам, што “на сёньняшні дзень актыўнасьць палітычных партыяў ледзьве заўважная”, бо з партыйцаў “у склад камісіяў увайшло 17 чалавек, або каля 1%, у тым ліку 13 сябраў КПБ”. Газэта не палічыла патрэбным патлумачыць, што “ўвайшлі” – гэта ня значыць “хацелі ўвайсьці”, і што ад апазыцыйных партыяў былі прэтэндэнты на ўдзел у камісіях, якіх туды папросту не ўключылі.

У выбарчай кампаніі Гарадоцкага райсавету 27 скліканьня выпраўленае парушэньне выбарчага заканадаўства аб утварэньні выбарчых акругаў, зь якім жылі дэпутаты райсавету амаль чатыры гады. Пад час ранейшай кампаніі 2010 году ў Гарадоцкім райсавеце было ўтворана 18 акругаў, памеры якіх па колькасьці выбаршчыкаў парушалі Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

У Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбачую камісію ўключаныя 13 сябраў з 17 прэтэндэнтаў. Прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”, старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка будзе адзіным у камісіі зь ліку віцебскіх дэмакратаў. Намесьніка старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Кастуся Смолікава ў камісію не ўключылі. Як не ўключылі і праваабаронцу Паўла Левінава, які вылучаўся шляхам падачы заяваў грамадзян.