У частцы 6 артыкулу 15 гаворыцца, што “выбарчыя акругі ўтвараюцца з прыкладна роўнай колькасьці выбаршчыкаў: адхіленьне колькасьці выбаршчыкаў у выбарчай акрузе… па выбарах дэпутатаў адпаведнага мясцовага Савету дэпутатаў ад сярэдняй колькасьці выбаршчыкаў, якія прыходзяцца на выбарчую акругу ў гэты мясцовы Савет дэпутатаў, як правіла, не можа перавышаць 10 адсоткаў”.
Колькасьць выбаршчыкаў на тэрыторыі Гарадоцкага раёну тады складала каля 20276 выбаршчыкаў. Гарадоцкім райсаветам для выбараў Гарадоцкага Савету дэпутатаў 26-га скліканьня была вызначаная колькасьць выбарчых акругаў – 31, пры гэтым сярэдняя колькасьць выбаршчыкаў на акругу складала 654 грамадзяніна. Такім чынам, адпаведна з патрабаваньнямі ч. 6 артыкулу 15 Выбарчага кодэксу колькасьць выбаршчыкаў у акрузе мусіла быць ад 588 выбаршчыкаў да 721 выбаршчыка.
Тады Гарадоцкая раённая камісія па прапанове Гарадоцкага райвыканкаму ўтварыла 31 выбарчую акругу з колькасьцю выбаршчыкаў у іх ад 420 да 842. Адхіленьні больш як на 10% ад сярэдняй колькасьці выбаршчыкаў былі ў 18-ці (!) выбарчых акругах. Дайшло да парушэньня канстытуцыйнага прынцыпу роўнасьці выбаршчыкаў у выбарчым праве, калі 841 выбаршчык Вайханскага сельсавету (акругі Прудніцкая і Вайханская) выбралі двух дэпутатаў Гарадоцкага райсавету, а 842 выбаршчыкі Кабішчанскай акругі толькі аднаго дэпутата.
Гэтае парушэньне заканадаўства зафіксаваў Леанід Гаравы, актывіст руху “За свабоду” і патрабаваў выпраўленьня парушэньня як у Гарадоцкай пракуратуры, так і ў Віцебскай абласной камісіі. Але толькі старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына прызнала парушэньне заканадаўства пры фармаваньні акругаў у Гарадоцкі райсавет. Дарэчы, падобныя парушэньні былі зафіксаваныя праваабаронцамі і ў большасьці іншых раёнаў Віцебскай вобласьці.
Праз чатыры гады гэтае парушэньне супрацоўнікамі Гарадоцкага райвыканкаму, якія прапануюць колькасьць выбаршчыкаў у акругах па выбарах у райсавет, выпраўленае. Гэтым разам у Гарадоцкім раёне будзе 31 акруга, ў якіх зафіксавана 18906 выбаршчыкаў. Пры сярэднесьпісачным складзе акругі ў 610 выбаршчыкаў ніводная акруга не адхіляецца ад гэтай колькасьці больш як на 10%.
У сьпісе акругаў па Гарадку дадалася новая акруга – Новабудаўнічая зь мікрараёну новых дамоў па вул. Камсамольскай каля райшпіталя. Вайсковая частка нарэшце аднесеная па тэрыторыі да Верамеяўскай акругі. А шэраг акругаў аб’ядноўваюць тэрыторыі розных сельсаветаў: Пальмінская акруга аб’ядноўвае як вёскі сельсавету, так і частку аграгарадка Пальмінку, а таксама вёскі Стадалішчанскага і Вайханскага сельсаветаў; Вархоўская акруга ўключае частку Віраўлянскага сельсавету; Дуброўская – частку Межанскага сельсавета і г.д.
Крыніца: Гарадок.інфо