Сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», падпалкоўнік у адстаўцы Вадзім Кузьмін падвяргаецца дыскрымінацыі з боку Віцебскай гарадзкой і акруговай выбарчых камісіяў. Пра гэта заявіў сам кандыдат, які вылучаецца адначасова ў гарадзкі і абласны Саветы дэпутатаў.

Аршанскія апазыцыйныя кандыдаты правялі супольны агітацыйны пікет каля Дому культуры чыгуначнікаў. Падтрымаць актывіста кампаніі «Гавары праўду» Канстанціна Анташкевіча прыехаў Уладзімер Някляеў. Але аршанцы пераважна праходзілі міма ці нават абыходзілі пікетоўцаў.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня спрабавалі аспрэчыць нерэгістрацыю іх у якасьці кандыдатаў – давесьці, што выбаршчыкаў падманулі, прымусіўшы прызнаць свае подпісы за вылучэньне апазыцыянэрак несапраўднымі. Суд не заўважыў у падмане нейкага парушэньня.

Кандыдат у дэпутаты райсавету і аблсавету Ігар Казьмерчак перадаў для друку макет ўласнай перадвыбарнай ўлёткі. Нічога не прадвяшчала праблем. Але празь некаторы час кандыдату ператэлефанавалі з аршанскай друкарні і паведамілі, што ня могуць зрабіць наклад улётак, пакуль з райвыканкаму не дашлюць ліст, якім дазволяць друк.

Жыхары Віцебску, што падпісаліся за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты актывістаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Тацьцяны Севярынец і Алены Шабуні, пацьвярджаюць сапраўднасьць сваіх подпісаў, якія ў выбарчай камісіі прызналі нібыта несапраўднымі, і кажуць, што прадстаўнікі выбарчых камісіяў іх ашукалі.