Віцебская настаўніца, якая напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах са скуры вылузвалася, абы толькі вытурыць з выбарчага ўчастку назіральніка ад БХК сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, будзе пакараная штрафам у памеры ад 4-х да 10 базавых велічынь. Падчас выбараў, што завяршыліся нядаўна, Натальля Русанава была намесьніцай старшыні ўчастковай выбрачай камісіі, што месьцілася ў гімназіі № 4 Віцебску. У звычайным жа жыцьці яна зьяўляецца завучам гэтай самай гімназіі.

 

Паводле папярэдніх дадзеных, апублікаваных на сайце ЦВК, яўка на выбарах 23 верасьня ў Віцебскай вобласьці склала 80,7%. Агульная яўка па Беларусі – 74,2%. Згодна з ЦВК, найбольшая яўка на Віцебшчыне была зафіксаваная ў Віцебскай сельскай акрузе (88,4%) і Сеньненскай акрузе №30 (88,3%). Найменьшая ў нашым рэгіёне – у Полацкай гарадзкой №28 (62%).

 

На ўсіх выбарчых участках 23 верасьня ў Віцебску амаль аднолькава пахла беляшамі і піражкамі з капустай. Але людзі насы не адварочвалі, бо сярод іх бадай што не было маладых выбарцаў… Людзей да трыццаці было вобмаль. Але й віцябляне старэйшага ўзросту асаблівай радасьці ды аптымізму на падыходзе да ўчасткаў не праяўлялі. Агульны настрой вельмі дасьціпна выявіў пэнсіянэр з кійком, які, усьміхнуўшыся аўтару гэтых радкоў, заўважыў: “Як на пахаваньне ідуць сюды, і музыка такая ж… З адной толькі розьніцай: на хаўтурах не галасуюць, а галосяць”.

Незалежнага назіральніка ад Беларускага Хэльсынскага Камітэту Яна Дзяржаўцава выдалілі 22 верасьня з ўчастку №14 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19. Ён нібыта перашкаджаў працаваць камісіі. Пра гэта сам назіральнік даведаўся, калі прыйшоў на выбарчы ўчастак пасьля абеду. Як распавёў “Дыялёгу” Ян Дзяржаўцаў, дзеля таго, каб пазбавіць яго права назіраць за выбарамі, была скліканая ўся камісія. Сямнаццаць чалавек выбарчай камісіі адзінагалосна прагаласавалі за тое, каб выдаліць назіральніка з участку. Яму нават ня далі слова.

 

На выбарчым участку №44 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі № 18 дагэтуль адсутнічаюць сьпісы больш за тысячу выбарцаў, якія жывуць у новым мікрараёне Мэдцэнтар у Віцебску. Адсутнасьць сьпісаў выявіў назіральнік Сяргей Парсюкевіч. Апынулася, што жыхароў дамоў №№nbsp;37 і 39 па вуліцы Петруся Броўкі няма ў сьпісах выбарцаў.