На Віцебшчыне ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў узялі каля 82,4% выбаршчыкаў, і гэта самы высокі вынік сярод абласьцей Беларусі. Па выніках выбарчай кампаніі сфармаваныя ўсе 224 мясцовыя саветы, якія найбліжэйшым часам павінны распачаць працу.

У Воршы назіральнікаў абмяжоўваюць у магчымасьці сачыць за выбарчым працэсам. Пра такія факты паведаміў Яўген Анішчанка, сябар аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, кандыдат у дэпутаты па Будаўнічай акрузе №3 і назіральнік на ўчастку №6 па Маладзёжнай выбарчай акрузе №8.

Назіральнікі, якія адсочваюць, як праходзіць датэрміновае галасаваньне, адзначаюць шматлікія выпадкі парушэньня выбарчага заканадаўства на ўчастках у Віцебску. Так, большасьць назіральнікаў адзначае, што на час абедзеннага перапынку скрыні для галасаваньня пакідалі пад аховай міліцыі не апячатанымі.

Са скаргай на дзеяньні сяброў Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт актывісты руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў (на фота). Актывісты не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў ў дэпутаты Віцебскага гарадзкога савету: выбарчая камісія знайшла ў іх подпісы, якія былі прызнаныя несапраўднымі (116 у Жаляпава, 103 – у Гаўруцікава).

Як стала вядома з вартых даверу крыніц Віцебскага аблвыканкаму, на гутарку ў аддзел па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў выклікалі біскупа Аб’яднаньня Хрысьціян веры эвангельскай у Віцебскай вобласьці і пастара эвангельскай царквы “Новае жыцьцё”. Прычынай іх запрашэньня ў выканкам стала тое, што сябра царквы “Новае жыцьцё” Алена Шабуня зьяўляецца актывісткай “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”.