У Віцебскім абласным судзе 25 студзеня завяршыўся паўторны разгляд крымінальнай справы Вольгі Сьцяпанавай, раней асуджанай за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Судзьдзя абласнога суду Галіна Бондал абвясьціла вырак, у якім Вольгу Сьцяпанаву прызналі невінаватай у сувязі з адсутнасьцю злачынства.

24 студзеня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу кіраўніка грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Яна Дзяржаўцава на рашэньне суду Віцебскага раёну, які аштрафаваў яго за самавольнае пахаваньне парэшткаў ахвяраў сталінскага рэжыму. Касацыйную скаргу разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова.

У Кастрычніцкім судзе Віцебску 26 студзеня агучылі прысуд віцебскаму актывісту Пятру Іванову. Суд прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ) і пакараў штрафам памерам 85 базавых велічынь. Іваноў быў вызвалены з-пад варты ў залі суду.

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці 11 студзеня ўзбудзіў вытворчасьць аб банкруцтве Браслаўскага раённага спажывецкага таварыства і распачаў конкурсную вытворчасьць.

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці адкрыў конкурсную вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтве) КГУП «Полацкая унівэрсальная база» і прызначыў судовы разбор на 6 красавіка.