Прысуд часткова зьменены, але ня ў частцы тэрмінаў пазбаўленьня волі.
Нагадаем, Ярмыкін быў намесьнікам старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, узначальваў абласную арганізацыю ЛДП і значыўся памочнікам члена Савета Рэспублікі НС РБ Сяргея Гайдукевіча.
За што асудзілі Ярмыкіна і Мярзьленку
Суд першай інстанцыі прызнаў Сяргея Ярмыкіна вінаватым у падбухторваньні да дачы хабару ў буйным памеры (ч.2 арт.431 КК) і махлярстве (авалоданьні маёмасьцю падманным чынам – ч.4 арт.209 КК).
Паводле матэрыялаў справы, ён разам зь Мярзьленкам падбухторвалі былога дырэктара Аршанскага авіярамонтнага заводу Уладзімера Троіцкага і ягоную жонку да дачы хабару ў памеры 32,5 тыс. даляраў. Гэтыя грошы прызначаліся нібыта службовым асобам выканаўчай улады, органаў унутраных справаў, СК, КДБ, судовых органаў і пракуратуры за станоўчае рашэньне пытаньняў, зьвязаных з крымінальнай справай, заведзенай супраць Троіцкага (у лютым 2018 году быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за злоўжываньне службовым становішчам).
Сяргей Ярмыкін (зьлева) і Юры Мярзьленка. Фота: uvd.vitebsk.gov.by
Паводле прысуду, свой злачынны намер Ярмыкін і Мярзьленка да канца не давялі. Але атрымалі ад сужэнцаў Троіцкіх каля 18,5 тыс. рублёў і калекцыю памятных манэт і ювэлірных вырабаў агульным коштам каля 50 тыс. рублёў, якую ўзялі нібыта на захаваньне. Агулам жа прычынілі пацярпелым маёмасную шкоду на суму 65,8 тыс. рублёў.
Сяргей Гайдукевіч праходзіў сьведкам
Сьведкам па справе ў судзе Віцебскага раёну праходзіў у тым ліку член Савету Рэспублікі НС і старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч, зь якім Ярмыкін (у размове з пацярпелымі сьцьвярджаў, што ён “правая рука сэнатара”) зводзіў Троіцкіх.
На судзе сьведка Гайдукевіч казаў, што сапраўды сустракаўся з Уладзімерам Троіцкім, але ніякай дапамогі яму не абяцаў, яго пытаньнямі не займаўся і якую-небудзь грашовую ўзнагароду ад імя Троіцкага не атрымліваў.
Ні Ярмыкін, ні Мярзьленка, якому, дарэчы, інкрымінавалі яшчэ некалькі эпізодаў і якога ў 2009 годзе ўжо судзілі за махлярства, сваёй віны не прызналі. Абодвух у выніку пакаралі пазбаўленьнем волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Нагадаем, Ярмыкіну далі 5, Мярзьленку – 7 гадоў.
Апэляцыя. “Факт перадачы грошай – не даказаны”
У сваіх скаргах Ярмыкін і Мярзьленка прасілі пастанову суду Віцебскага раёну адмяніць, а ў задавальненьні маральнай кампэнсацыі пацярпелым адмовіць. Разгляд апэляцыі ў Віцебскім абласным судзе прайшоў 6 верасьня без удзелу абвінавачаных, іх інтарэсы баранілі адвакаты.
Абаронца Сяргея Ярмыкіна зьвярнуў увагу судовай калегіі (старшынявала судзьдзя Галіна Ўрбановіч) на тое, што ні абвінавачаньне, ні прысуд ня ўтрымліваюць канкрэтнага ўказаньня на час, месца і абставіны ўчыненага злачынства, як тое прадугледжана заканадаўствам. Не ўказаныя там і канкрэтныя службовыя асобы, для якіх вымагаўся хабар.
Адвакат апэляваў, што ў матэрыялах справы ня маецца канкрэтных доказаў падбухторваньня Троіцкіх да дачы хабару. Сьцьвярджаў, што сам факт перадачы грошай Троіцкімі Ярмыкіну застаўся не даказаным, як і факт прысабечваньня Ярмыкіным калекцыі манэтаў і мэдалёў (падчас вобшукаў калекцыю так і не знайшлі).
Абаронца палічыў таксама неабгрунтаванымі сумы, спагнаныя з абвінавачаных. Паводле прысуду, акрамя 65 тыс. рублёў маёмаснай шкоды, якую мусяць кампэнсаваць Троіцкім, суд першай інстанцыі спагнаў зь іх яшчэ амаль 20 тыс. рублёў у даход рэспубліканскага бюджэту.
Зьнізілі сумы маральнай шкоды, узмацнілі рэжым Мярзьленку
У сваю чаргу, пракурорка Віцебскага раёну таксама падала пратэст, у якім прасіла ўзмацніць рэжым адбываньня пакараньня для Юрыя Мярзьленкі – з узмоцненага на строгі. Асноўны аргумэнт – рэцыдыў злачынства.
У выніку судовая калегія па крымінальных справах аблсуду пастанавіла часткова зьмяніць рашэньне суду Віцебскага раёну ад 27 траўня 2019 году. У прыватнасьці, рэжым адбываньня пакараньня ў калёніі для Мярзьленкі памянялі з “узмоцненага” на “строгі”.
Таксама зьнізілі для абодвух памер кампэнсацыі маральнай шкоды для жонкі Троіцкага Нартач Аллакуліеўны – з трох да адной тысячы рублёў, і для самога Троіцкага – зь пяці да адной тысячы рублёў.
З прысуду было выключанае ўказаньне аб прызначэньні Мярзьленку і Ярмыкіну па ч.1 арт 14, ч.3 і ч.4 арт. 209 КК і па правілах ч.1 арт.71, ч.2 арт.72 дадатковага пакараньня ў выглядзе канфіскацыі ўсёй маёмасьці.
У астатняй частцы вырак суду ніжэйшай інстанцыі пакінуты бязь зьменаў, а апэляцыйныя скаргі адвакатаў Ярмыкіна і Мярзьленкі – без задавальненьня.
С. Горкі