Паводле пастановы суду, абвінавачаны К. 16-17 студзеня 2019 году падчас сваркі з маці, дзейнічаючы з асаблівай лютасьцю і ўсьведамляючы, што сваімі дзеяньнямі прычыняе маці боль і пакуты, нанёс апошняй ня менш за 8 удараў малатком па галаве. Сьмерць пацярпелай наступіла на месцы здарэньня.
Мужчына прызнаў сваю віну часткова. Ён не адмаўляў сваёй датычнасьці да сьмерці маці, але настойваў на тым, што ня меў намеру забіваць.
Судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду прызнала зьмякчальнымі віну акалічнасьцямі яўку з павіннай, наяўнасьць у мужчыны на ўтрыманьні дваіх дзяцей і ягонае чыстасардэчнае раскаяньне.
Абвінавачаны К. быў прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве з асаблівай лютасьцю. На падставе п.6 ч.2 арт. 139 КК яму прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 15 гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Суд пастанавіў таксама спагнаць з К. на карысьць пацярпелага (брата забітай) кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 40 тыс. рублёў.
Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.