31-гадовага ўраджэнца Віцебску Дзмітрыя Новікава вінавацяць ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групы (арт. 258-3 КК Украіны), вядзеньні агрэсіўнай вайны (арт. 437), учыненьні злачынства ў складзе арганізаванай групы (арт. 28) і парушэньні парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны (арт. 332-1).
Першыя два артыкулы – за асабліва цяжкія злачынствы (тэрарызм і вядзеньне вайны) – прадугледжваюць да 15 гадоў турмы. Але па сукупнасьці прысудаў Новікава могуць даць 25 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле сьледзтва, Новікаў ваяваў у складзе тэрарыстычнай групоўкі “ДНР” ад 7 лістапада 2014 году да 16 чэрвеня 2015-га, быў выключаны са сьпісу вайсковай часткі, але ў 2017-м зноў вярнуўся на так званую “воінскую службу” на часова акупаваную тэрыторыю. Быў затрыманы 10 жніўня 2018 году.
У матэрыялах справы сьцьвярджаецца, што Дзьмітрый Новікаў быў камандзірам танку танкавага батальёну “Самалі”. Браў непасрэдны ўдзел у штурме Данецкага аэрапорту ў 2015 годзе.
Пасьля вяртаньня ў “ДНР” у 2017 годзе актыўна ўдзельнічаў у супраціўленьні Узброеным сілам Украіны на лініі судакрананьня.
Сьцьвярджаецца, што беларус цалкам усьведамляў той факт, што тэрарыстычная арганізацыя “ДНР”, у якой удзельнічаў, “створаная і функцыянуе па плянах і задачах нявызначаных прадстаўнікоў улады Расейскай Фэдэрацыі, узброеных сілаў РФ ды іншых асобаў, і дзейнічае на тэрыторыі Ўкраіны незаконна, прымяняючы зброю, учыняючы акты тэрарызму і забіваючы людзей...”
Падазраваны Дзьмітрый Новікаў прызнаў сваю віну і супрацоўнічае са сьледзтвам.
Судовае паседжаньне, якое адбылося 19 верасьня ў Дружкоўскім гарадзкім судзе Данецкай вобласьці, трансьлявалася анлайн.
Выслухаўшы абвінавачаньне пракурора, судзьдзя працягнуў тэрмін утрыманьня Новікава пад вартай яшчэ на 2 месяцы і абвясьціў перапынак да 30 кастрычніка. Наступнае судовае паседжаньне таксама будзе трансьлявацца анлайн.
Раней падазраваны ў тэрарызьме Новікаў заяўляў, што ў 2016-м быў завербаваны КДБ.
Дзмітрый Новікаў нарадзіўся і пражываў у Віцебску. Тут у яго засталася сям’я – жонка і 10-гадовае дзіця. Раней паведамлялася, што ў Беларусі ён ужо мае судзімасьць.
Зьміцер Міраш