Юры Мярзьленка асуджаны да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, Сяргей Ярмыкін атрымаў 5 гадоў калёніі.
Рашэньне суду не набыло законную сілу і можа быць абскарджанае ў апэляцыйным парадку.
Нагадаем, Сяргей Ярмыкін і Юры Мярзьленка былі затрыманыя сілавікамі ў жніўні 2018 году. Сьледчы камітэт распачаў у дачыненьні да іх крымінальную справу па частцы 4 артыкулу 209 КК – “Махлярства ў асабліва буйным памеры”.
У якасьці пацярпелых значыліся як мінімум 5 жыхароў Віцебскай вобласьці. Ярмыкін і Мярзьленка казалі пра сувязі, якія маюць у розных дзяржорганах, і сьцьвярджалі, што могуць вырашыць розныя пытаньні – ад вядзеньня сумеснага бізнэсу да закрыцьця крымінальнай справы. Тандэм завалодваў грашыма ды іншай маёмасьцю грамадзянаў, тлумачачы, што гэта неабходна, каб даць хабар дзяржслужбоўцам, альбо для закупкі абсталяваньня для вырабу пельменяў. Гэткім чынам яны “зарабілі” некалькі дзясяткаў тысяч даляраў.
Сяргей Ярмыкін быў намесьнікам старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, узначальваў Віцебскую абласную арганізацыю ЛДП і значыўся памочнікам члена Савета Рэспублікі Сяргея Гайдукевіча.
Юры Мярзьленка працаваў кансультантам па агульных пытаньнях у прыватнай фірме ў Віцебску. У 2009 годзе быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўленьня волі, у тым ліку за махлярства. Пакараньне яму зьмякчылі, і ў 2013 годзе ён выйшаў на волю.