Бок абвінавачаньня прадстаўляе на судзе пракурорка Алена Янчыленка. Паводле яе, абвінавачаныя “ўваходзілі ў арганізаваную групу, якой кіравала нявызначаная асоба”. Цягам некалькіх месяцаў – ад лістапада 2018-га да пачатку лютага 2019 году – яны займаліся купляй, захоўваньнем, перавозкай і распаўсюдам наркатычных сродкаў.
Па вэрсіі сьледзтва, продаж і каардынацыя ажыцьцяўлялася праз інтэрнэт-краму ў мэсэнджары “Тэлеграм”. У лютым усе чацьвёра былі затрыманыя.
Траім мужчынам інкрымінуюць злачынства, прадугледжанае часткай 4 артыкулу 328. Абвінавачаным пагражае да 20 гадоў зьняволеньня. Наймаладзейшаму – навучэнцу аршанскага каледжу К., толькі нядаўна споўнілася 18 гадоў. Сярод іх і былы опэрупаўнаважаны Шклоўскага РАУС, які на момант затрыманьня яшчэ працаваў у міліцыі.
Усе трое сваёй віны па ч.4 арт. 328 (“арганізаваная група”) не прызналі.
Не прызнаў віны па ч.3 арт. 328 і чацьвёрты абвінавачаны – 26-гадовы жыхар Віцебску. Яго вінавацяць, апроч таго, і па 1-й частцы “наркатычнага” артыкулу (захоўваньне наркотыкаў бяз мэты збыту): у мужчыны была знойдзеная “асабліва небясьпечная наркатычная сумесь” – 0,2 грамы марыхуаны і тытуню…
На працэсе старшынюе судзьдзя Тацяна Родзіна.
Раней, у лютым 2019 году, пра затрыманьне падсудных мужчын паведамляла прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму. У прыватнасьці, зазначалася, што дылера, які перавозіў партыю псыхатропаў коштам каля 8 тыс. даляраў, вылічылі “пасьля распрацоўкі лягістычнага ланцужку ад графіці на сьценах віцебскіх дамоў…”
Пасьля гэтага былі затрыманыя і “наркакур’еры”, якія забіралі закладкі са схованак. У адной зь іх знаходзілася асабліва небясьпечнае рэчыва – альфа-PVP, у другой – мэфэдрон.
Уладзімер Бяляўскі