30 сакавіка Следчым упраўленнем па Віцебскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб злосным хуліганстве ў дачыненні да жыхароў Віцебска. Па гэтай справе, ў розных працэсуальных статусах, праходзяць грамадзянскія актывісты: Марына Праслава, Павел Сакалаў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Канстанцін Бодэ і Святлана Гуркоўская. Справа носіць ганебны і знішчальны характар для аўтарытэта ўладаў.

Паводле звестак праваабаронцаў, палітвязень Андрэй Новікаў трапіў у ШІЗА 12 лютага, але з якой прычыны – невядома. 5 жніўня 2021 году ён быў асуджаны да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і незаконнае перасячэнне мяжы.

54-гадовы жыхар Воршы Мікалай Сасноўскі быў асуджаны на паўтара года абмежавання волі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). Згодна з заявай беларускай праваабарончай супольнасці ад 22 сакавіка 2022 году, ён быў прызнаны палітвязнем разам з яшчэ 9-цю палітычнымі зняволенымі.

15 снежня 2020 году суд Гарадоцкага раёну асудзіў 33-гадовага рабочага Мікалая Чарняўскага на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Аляксандр Ляшковіч прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). Мікалай Чарняўскі цалкам адбыў прысуджаны тэрмін і выйшаў на волю.

З 26 студзеня палітзняволены гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка адбывае прысуджанае яму пакаранне пад Віцебскам, у папраўчай калоніі №3 «Віцьба». Паводле ягонай жонкі, сям’я атрымлівае лісты з-за кратаў больш-менш рэгулярна, але ў кожным допісе ён паведамляе, што лісты з волі яму не аддаюць. Фактычна, за ўвесь час знаходжання на «Віцьбе», ніводнага ліста ён не атрымаў, у тым ліку ад дзяцей, кажа Аксана Судаленка.