Паводле версіі абвінавачвання, з сакавіка 2021 года па студзень 2022 года 28-гадовы жыхар Віцебска Мікіта Палеонак, "з'яўляючыся актыўным падпісчыкам экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, заклікаў іх да гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў, абражаў міліцыянта і прэзідэнта". Прэс-служба Следчага камітэту называе яго прадстаўніком "канапных войскаў". СК не называе, удзел у якім канкрэтна "экстрэмісцкім фарміраванні" ставіцца ў віну палітвязню. Але з прэс-паведамлення вынікае, што гаворка ідзе пра падпіску на нейкі Telegram-канал.
На допытах ён растлумачыў следчаму, што "з'яўляючыся падпісчыкам экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, пісаў у каментарах усё, што яму прыходзіла ў галаву, не задумваючыся аб наступствах".
Вядома, што да затрымання Мікіта працаваў кіроўцам, жанаты, выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей. У чэрвені родныя палітвязня паведамлялі, што Мікіту ў віцебскім СІЗА блакуюць ліставанне і перадаюць лісты толькі ад сваякоў.
Адрас для падтрымкі: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Мікіта Юр'евіч Палеонак.