Аўторак, 25 Лістапад 2025

Мікалай Статкевіч "адбывае тэрмін па прысудзе суда" ?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такі адказ жонка палітыка і палітвязня Марына Адамовіч атрымала з МУС. Яна звярнулася туды, спрабуючы даведацца пра лёс Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакінуць Беларусь на ўмовах памілавання з наступнай прымусовай дэпартацыяй.

«Паведамляю вам, што Статкевіч М.В. адбывае пакаранне згодна з прыгаворам Гомельскага абластнога суда ад 14.12.2021», — гаворыцца ў адказе за подпісам  намесніка міністра МУС Генадзя Казакевіча.

Марына Адамовіч заўважае, што даслала ў МУС ліст з пытаннямі на чатырох старонках, але ў адказ адтрымала ўсяго некалькі сказаў. Прычым месца, дзе Мікалай Статкевіч "адбывае пакаранне па прысудзе суда", ёй не паведамілі.

Да памілавання 11 верасня 2025 г. палітвязень адбываў тэрмін у глыбоцкай калоніі. Ці вярнулі яго туды ж, не вядома. У Беларусі няма законнай працэдуры "адмены памілавання".

 Да 11 верасня  Статкевіча на працягу некалькіх год трымалі ў рэжыме інкамунікада. І толькі ад вызваленых палітзняволеных, з якімі разам палітыка трымалі цягам ночы да дэпартацыі, стала вядома, што ў яго істотна пагоршыўся стан здароўя. У зняволенні ён тройчы перахварэў на ковід,  перанёс пнеўманію, меў вострыя праблемы з сэрцам, але  не быў абследаваны належным чынам, таму не выключае, што ў яго быў інфаркт. Нават ранкам  11 верасня ў Статкевіча быў прыступ арытміі, але на той момант, калі ён адмаўляўся пераходзіць з беларускага на літоўскі бок, палітык выглядаў упэўнена і цверда заяўляў, што ягонае месца - толькі ў Беларусі.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая 2020 года ён ехаў на Камароўку на пікет Святланы Ціханоўскай. Яму прысудзілі арышт на 15 сутак, потым яшчэ на 15. Адпаведна, 30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю , аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу ("Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак")

 15 снежня 2020 года Мікалаю Статкевічу прад’явілі новае абвінавачванне у падрыхтоўцы  ўдзелу ў масавых беспарадках". У выніку суд над зняволеным палітыкам прайшоў  паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

14 снежня 2021 быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. 20 чэрвеня 2022 года ён быў этапаваны ў глыбоцкую ПК №13. Дзе палітык знаходзіцца цяпер, не вядома.

Арцём Галавін