Да 2018 г. дзяўчына жыла ў Беларусі, потым пераехала з Расею. Яе затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года на запыт беларускіх уладаў. Яне Пінчук пагражае пакаранне па справе аб адміністраванні 3-х тэлеграм-чатаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі».
Па сцвярджэннях следчых органаў Рэспублікі Беларусь, дзяўчына з’яўлялася адміністратарам тэлеграм-каналаў і « супольна і ўзгоднена па папярэдняй змове ў групе з іншымі неўстаноўленымі асобамі, дзейнічала «з мэтай узбуджэння іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці». У тым ліку размяшчала «тэкставыя паведамленні, дзе ўтрымліваецца негатыўная ацэнка групы асоб, абʼяднаных па прыкмеце прыналежнасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, органаў дзяржаўнай улады і іншых груп асоб». Таксама Пінчук абвінавачваецца ў тым, што «з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці» размяшчала тэкставыя паведамленні, якія адносяцца да экстрэмісцкіх матэрыялаў, і пры гэтым ажыццяўляла кіраўніцтва тэлеграм-каналам, прызнаным экстрэмісцкім фармаваннем». Сама дзяўчына не адмаўляе таго, што была ўдзельніцай тэлеграм-чатаў, але сцвярджае, што зняла з сябе паўнамоцтвы адміністратара пасля таго, як яны былі прызнаны экстрэмісцкімі. А ўсе яе допісы не мелі крымінальных мэтаў, а былі прысвечаны каардынаванню дапамогі зняволеным.
23 красавіка 2021 г. супраць дзяўчыны была распачатая абʼяднаная крымінальная справа, 5 траўня 2021 г. Яну Пінчук абвясцілі ў вышук. 1 лістапада 2021г. дзяўчыну затрымалі ў Пецярбургу. У красавіку 2022 г. расейская Генпракуратура адобрыла выдачу Пінчук Беларусі. У ліпені Другі апеляцыйны суд Пецярбурга пацвердзіў гэтае рашэнне.
Камітэт па правах чалавека ААН раней забараніў экстрадзіраваць дзяўчыну і патрабаваў даць ёй прытулак, але ў Расеі адмовіліся выконваць гэтае рашэнне, спасылаючыся на яго неабавязковасць. Пінчук лічыць, што ў Беларусі ёй пагражаюць не толькі пазбаўленне волі, але і катаванні за кратамі.
Феліцыян Красоўскі