З віцебскай калоніі «Віцьба-3» выйшаў на свабоду палітвязень Дзяніс Дземух
27 снежня з папраўчай калоніі №3 «Віцьба» выйшаў на свабоду палітвязень Дзяніс Дземух. 22-х гадовы хлопец адбыў у зняволенні 15 месяцаў, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Суд Заводскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК) і прысудзіў Дземуху 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Віцебская пракуратура і ДВП адмовіліся бараніць правы палітвязня Валадара Цурпанава
У лістападзе 2021 году праваабаронца Наталля Міхалькова накіравала зварот у пракуратуру Віцебскай вобласці з патрабаваннем правесці праверку па факце парушэння кіраўніцтвам і супрацоўнікамі папраўчай калоніі №3 (пас. Віцьба, Віцебская вобласць) правоў Валадара Цурпанава. Аднак пракуратура і ўпраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў МУС адмовілася рабіць захады для абароны правоў палітвязня.
Расейскія праваабаронцы прызналі Яну Пінчук палітзняволенай
22 снежня расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» уключыў у спіс палітвязняў віцяблянку Яну Пінчук. На думку праваабаронцаў, крымінальны пераслед у дачыненні яе звязаны выключна з яе палітычнымі перакананнямі і рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркавання, а крымінальная справа супраць яе – палітычна матываваная. Нягледзячы на гэта, расейскія ўлады збіраюцца экстрадаваць дзяўчыну ў Беларусь.
Актывісты Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна прызнаныя палітвязнямі. Іх судзілі па «наркатычным» артыкуле 328
5 кастрычніка 2021 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску асудзіў Аляксандра Мацеюка да 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па ч. 3 арт. 328 і арт. 332 КК са штрафам – за незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозку марыхуаны ў буйным памеры і ўтрыманні прытона, для ўжывання наркатычных сродкаў. Гэтым жа прыгаворам асудзілі і Алега Баразну – да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да наркатычных сродкаў без мэты збыту.
Віцяблянку Таццяну Карповіч прызналі палітычнай зняволенай
21 снежня праваабарончая супольнасць заявіла аб прызнанні шасці палітвязняў. Сярод іх – 24-гадовая жыхарка Віцебску Таццяна Карповіч. Улады інкрымінуюць ёй распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Дзяўчына знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на Валадарцы. Палітвязнямі таксама прызнаныя Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Руслан Кузьміч, Андрэй Аўсіевіч.