Полацкі актывіст і блогер Алесь Круткін быў затрыманы 20 красавіка па дарозе на мітынг у Берасьце, куды дабіраўся аўтастопам. Ён правёў двое сутак у полацкім  ізалятары і быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь за заклік памаліцца 15 красавіка за Курапаты ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта (арт. 23.34 КаАП).

Агулам па дзьвюх адміністрацыйных справах на 40 базавых велічыняў аштрафаваў Глыбоцкі раённы суд незалежнага журналіста Зьмітра Лупача, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 11 красавіка разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненьні Міколы Качурца і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко. Тры розныя судзьдзі сінхронна пакаралі кожнага з актывістаў штрафам у памеры 4 базавых велічыняў – за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебску Дзьмітрый Жук назваў у судзе канфіскаваны летась у Міколы Качурца бел-чырвона-белы сьцяг анучай, якая каштуе ня больш за 4,75 рублі. Гэтую суму Кастрычніцкі РАУС згодны заплаціць Качурцу ў якасьці кампэнсацыі за зьнішчаную маёмасьць. Актывіст патрабуе ў 10 разоў больш.

На мінулым тыдні, 4 красавіка, улады зьнішчылі 70 крыжоў, што былі ўсталяваныя па пэрымэтры народнага мэмарыялу ў Курапатах. У грамадзтве гэта выклікала  шок, неразуменьне і выбух абурэньня. Як расцэньваць дзеяньні ўладаў? Свае ацэнкі і меркаваньні выказалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Віцебшчыны.