Удзельнікі трымалі ў руках два транспаранты з цытатамі Уладзімера Маякоўскага («Да здравствует Революция, радостная и скорая. Это единственная великая война из всех, что знала история») ды Іосіфа Сталіна («Наше дело правое – победа будет за нами»).
Маладыя людзі разгарнулі таксама два чырвоныя сьцягі зь сярпом і молатам.
Прадстаўнікі афіцыйнай Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) трымаліся асобна. Першы сакратар Віцебскага абкому КПБ Аляксандар Дзядзінкін згуртаваў сваіх прыхільнікаў у цеснае кола, прамовіў словы віншаваньня і запрасіў ускласьці да пастамэнту загадзя раздадзеныя гвазьдзікі. Пасьля гэтага сябры КПБ пакінулі плошчу Леніна.
Сябры праўладнай КПБ гуртаваліся збоку
Аляксандар Дзядзінкін
Свой «мітынг» і ўскладаньне кветак зладзілі і апазыцыйныя камуністы – сябры партыі «Справядлівы сьвет» і левых моладзевых груповак.
З «палымянай камуністычнай прамовай» з нагоды сьвята выступіў «віцебскі Ленін» Арцём, які называе сябе сябрам Усесаюзнай кампартыі бальшавікоў. Казаў, што «вялікі Кастрычнік» павінен супрацьпаставіць прыватнай уласнасьці і эгаізму ўсеагульную роўнасьць і любоў. Паводле Арцёма, “7 лістапада – гэта найперш сьвята міру”.
Выступае віцяблянін Арцём
Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка паведаміў у сваёй прамове, што напярэдадні сьвята партыя ў чарговы раз падавала заяўку на правядзеньне мітынгу каля помніка Леніну 7 лістапада, але дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства ад уладаў зноў не атрымала (як і летась).
Падчас прамовы Мікалая Селівашкі
Сьвяточны сход каля помніку Леніну доўжыўся каля 40 хвілінаў. Пасьля яго заканчэньня ўдзельнікі дзяліліся ўражаньнямі, друкаванай прэсай і нават ласункамі.
Адзначым, што яшчэ год таму з помніка Леніну на аднайменнай плошчы ў Віцебску зьнікла шыльдачка з надпісам «Ахоўваецца дзяржавай». Шыльдачка дагэтуль не зьявілася.
Ахоўная шыльдачка на помніку Леніну так і не зьявілася
Зьміцер Міраш, фота аўтара
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.