Нядзеля, 22 Снежань 2019

Аршанцы зладзілі акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй – фотафакт

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Акцыя ў Воршы Акцыя ў Воршы

21 сьнежня актывісты з Воршы выказалі сваё стаўленьне да «паглыбленай інтэграцыі» з Расейскай Фэдэрацыяй. Чырвонымі літарамі на белых аркушах яны склалі фразу «За незалежнасьць». У акцыі ўзялі ўдзел каля 20 жыхароў Воршы, паведамляе orsha.eu.

Акцыя за незалежнасьць краіны прайшла на аршанскім гарадзішчы. Два дзясяткі актывістаў розных грамадзкіх і палітычных арганізацый выйшлі зь бел-чырвона-белым сьцягам і невялікімі плякатамі, якія ўтварылі надпіс «Мы за незалежнасьць».

Акцыя не была разьлічаная на масавасьць, а насіла, хутчэй, сымбалічны характар, паведамляе крыніца.

Нагадаем, 20 сьнежня Лукашэнка і Пуцін сустракаліся ў Санкт-Пецярбургу, каб зацьвердзіць так званыя «дарожныя мапы» паглыбленай інтэграцыі, але не ўзгаднілі прынамсі найважнейшыя зь іх – у газавай, нафтавай і падатковай сфэрах. З нагоды інтэграцыйных перамоваў у Беларусі 7, 8, 20 і 21 сьнежня праходзілі акцыі пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі». Адна з самых шматлікіх адбылася ў Менску 20 сьнежня. У Віцебску ў гэты дзень праходзіў парад Дзядоў Марозаў.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.