Паўабаронца “Віцебску” Аляксандар Дзегцяроў заявіў пра тое, што каманда плянуе не паехаць на матч 28-га туру чэмпіянату Беларусі ў першай лізе супраць “Ліды”, перадае карэспандэнт goals.by: “Камандай вырашылі, што калі нам не аддадуць прэміяльныя больш як за палову чэмпіянату краіны ў першай лізе, то на гульню ў Ліду ня едзем”, - рэзюмаваў Дзегцяроў.

 

Акурат праз тры месяцы пасьля закрыцьця адзінага ў краіне Музэю прыватных калекцыяў Віцебскі аблсавет прыняў рашэньне аб рэканструкцыі будынку музэю пад спэцыяльны службовы жылы дом. Музэй быў зачынены 12 ліпеня, у першы дзень «Славянскага базару». Тады на дзьвярох установы культуры зьявілася абвестка пра тое, нібыта музэй «зачынены па тэхнічных прычынах», а тым часам супрацоўнікам загадалі цягам двух дзён вызваліць памяшканьне.

 

«Акруговая выбарчая камісія не зьяўляецца арганізацыяй, таму Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб на яе не распаўсюджваецца», - гэтак судзьдзя Юры Урбан абгрунтаваў сваю адмову задаволіць пазоў віцебскага актывіста Кастуся Мардзьвінцава супраць Аляксандра Красоўскага, старшыні АВК Віцебскай сельскай выбарчай акругі № 21 падчас выбараў, і Ірыны Жулевай, сакратаркі камісіі.

 

У Віцебску прайшла абласная канфэрэнцыя руху “За Свабоду”, у якой узялі ўдзел сябры руху з усіх рэгіёнаў вобласьці. Абласны каардынатар Хрыстафор Жаляпаў распавёў прысутным пра дзейнасьць арганізацыі за апошні пэрыяд. Затым удзельнікаў канфэрэнцыі вітаў намесьнік старшыні руху Юры Губарэвіч.

 

У судзе Віцебскага раёну працягваецца судовае паседжаньне ў справе пазову актывіста віцебскай арганізацыі “Белая Русь” Сяргея Рыжова да абласных мэдыкаў: “Гэта працяг маіх патрабаваньняў па прызнаньні палітматываванага ціску на віцебскіх мэдыкаў, які працягваецца з 2010 году. Прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі і праваабаронцам адмовілі ў допуску ў залю адчыненага судовага паседжаньня. Яны ня мелі магчымасьці весьці аўдыё і відэазапіс”. Паводле слоў Рыжова, судзьдзя Ліпская публічна пагражала Рыжову прыцягненьнем да адказнасьці нібыта за паразытызм.

 

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў 15 кастрычніка вядомага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду штрафам у 2 базавыя велічыні за тое, што той бараніў герб Віцебскай вобласьці ад нападак загадчыцы прадуктовай крамы “Веста”… Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Дарэчы, менавіта яна 3-га верасьня аштрафавала Хамайду на 400 тысяч рублёў за несанкцыянаванае пікетаваньне, калі той ля “Сіняга дому” ў Віцебску заклікаў байкатаваць парлямэнцкія выбары.

 

Прэзэнтацыя адбылася 11 кастрычніка. Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору – першае зьвяно ў новым праекце кампаніі «Гавары праўду», заявілі ініцыятары адкрыцьця офісу. Усяго ў Беларусі будзе адкрыта 18 гэткіх офісаў. Яны будуць працаваць у тых рэгіёнах, дзе кампаніяй «Гавары праўду» былі падтрыманыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 5-га скліканьня. Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору ў Віцебску пакуль што складаецца з трох удзельнікаў электаральнай кампаніі – Лідзіі Сагідулінай, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Мікуліна.

 

Як стала вядома з крыніцы, якая пажадала застацца ананімнай, сытуацыя, што склалася на гандлёвым прадпрыемстве «Віцебскія прадукты», вылілася ў страйк. У панядзелак, 8 кастрычніка, работнікі супэрмаркету «Віцебскія прадукты», разьмешчанага на вул. Воінаў Інтэрнацыяналістаў гораду Віцебску, ня выйшлі на працу на знак пратэсту супраць палітыкі аплаты працы, што ажыцьцяўляецца кіраўніцтвам.

 

Віцебская настаўніца, якая напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах са скуры вылузвалася, абы толькі вытурыць з выбарчага ўчастку назіральніка ад БХК сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, будзе пакараная штрафам у памеры ад 4-х да 10 базавых велічынь. Падчас выбараў, што завяршыліся нядаўна, Натальля Русанава была намесьніцай старшыні ўчастковай выбрачай камісіі, што месьцілася ў гімназіі № 4 Віцебску. У звычайным жа жыцьці яна зьяўляецца завучам гэтай самай гімназіі.

 

Былога палітвязьня Сяргея Каваленку 8 кастрычніка выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Першамайскага раёну Віцебску і паставілі на прафіляктычны ўлік. На прафіляктычным уліку Каваленка будзе знаходзіцца два гады – пакуль не пагасіцца судзімасьць. Раз на тры месяцы ён павінен цяпер адзначацца ў той самай інспэкцыі, з “падачы” якой і была ўзбуджаная крымінальная справа аб парушэньні рэжыму адбываньня так званай “хатняй хімі”, якую Сяргей Каваленка атрымаў за вывешваньне нацыянальнага сьцягу на навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску.