29.04.2024 Тэгі: грамадства, палітвязні, рэпрэсіі Ад 29 красавіка следчы ізалятар № 1 пераехаў на новы адрас. "Валадарка" расфамавана, усіх вязняў за апошнія некалькі тыдняў перавялі ў новы будынак у Калядзічах. Калі ласка, калі вам вядома пра перавод туды вашага блізкага ці знаёмага, які ўтрымліваецца пад вартай па палітычных матывах, паведамляйце праваабаронцам "Вясны".
Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пачаліся шмат гадоў таму. 7 чэрвеня 2010 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 288, якім даручыў «ажыццявіць у 2010 – 2015 гадах узвядзенне і ўвод у эксплуатацыю ў прамысловай зоне «Калядзічы» комплексу будынкаў і збудаванняў следчага ізалятару і рэспубліканскай агульнасаматычнай больніцы» і інфраструктуры, неабходнай для іх забеспячэння. У прыватнасці, планавалася, што больніцу пры СІЗА пабудуюць да 2013 года, а сам ізалятар – да 2015-га. Але ў выніку гэтыя планы з кожным годам адцягваліся.
Пра перавод родных з "Валадаркі" сваякам пачалі казаць некалькі месяцаў таму, але пераезд зноў зацягваўся. Некалькі тыдняў таму для вязняў ужо перасталі прымаць перадачы і толькі сёння адміністрацыя СІЗА-1 афіцыйна паведаміла пра пераезд. Цяпер у вядомым Пішчалаўскім замку няма вязняў – іх перавялі ў іншыя ўстановы, у тым ліку ў новы ізалятар у Калядзічах.
Новы адрас СІЗА-1: Навадворскі с/с, 143/4, раён д. Пашкавічы, Мінскі раён, Мінская вобласць. Прыём перадач будзе адбывацца з аўторка па суботу.
Крыніца: Цяпер афіцыйна: 29 красавіка СІЗА-1 пераехаў на новы адрас