30.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі мінскага тату-майстра
Сцвярджаецца, што хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама, што ён мае шэраг «пратэсных татуіровак».
Паводле інфармацыі @mediazona_by, тату-майстар у сацсетках падпісаны як Андрэй Лысы.
Па якім артыкуле затрыманы хлопец і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
Адміністрацыя бабруйскай калоніі ініцыявала новую крымінальную справу супраць Эдуарда Бабарыкі
З крыніцаў @belsat стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу.
Гэтым разам яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 411 Крымінальнага кодэксу — у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
Адзначым, што ў раскладзе судоў справы палітвязня пакуль няма.
Сілавікі затрымалі беларуса за данат "Краіне для жыцця”
На “пакаяльным відэа” затрыманы кажа, што зрабіў данат праекту “Краіна для жыцця”, а таксама пісаў каментары пра міліцыянтаў.
Сума ахвяраванні і дата, калі быў здзейснены плацёж, не паказваюцца. Затрыманы дадае, што пісаў каментары ў тэлеграме.
Палітвязню з Брэста збіраюцца дадаць яшчэ адзін артыкул
Раней было вядома пра крымінальную справу, заведзеную на палітвязня Віталя Чопіка паводле арт.361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, Віталь ўдзельнічаў у "масавых беспарадках у Брэсце ў 2020 годзе".
Віталь — жыхар Брэста, які хадзіў на палітычна матываваныя суды. Паводле прапагандыстаў, мужчына «разам з саўдзельнікамі сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў».
Берасцейца затрымалі напачатку сакавіка. Паводле звестак @viasna_brest, пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё).
Падтрымайце Віталя грашовымі пераводамі і пасылкамі: СІЗА-7. 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37, Віталь Віктаравіч Чопік.
Жыхара Пастаўшчыны пакаралі арыштам за відэаролік з міліцыянтам
Данііл Мядзелец з аграгарадка Юнькі выклаў у TikTok відэа з удзелам інспектара па справах непаўналетніх Пастаўскага РАУС, які, паводле судовай пастановы, утрымліваў “абразлівыя выразы, якія прыніжаюць гонар і годнасць службовай асобы пры выкананні ім сваіх паўнамоцтваў”.
Суд Пастаўскага раёна вырашыў, што Мядзелец мае быць пакараным паводле ч.2 арт. 24.4 КоАП і прысудзіў мужчыну сем сутак арышту, піша "Віцебская вясна".
Крыніца: Затрыманне за данаты і новыя справы супраць палітвязняў: хроніка пераследу 30 красавіка