30.04.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні На дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 красавіка выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". Распавядаем, што стала вядома з фільма.
У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў"анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк.
Супрацоўнікі АНТ сцвярджаюць, што падлеткі аб’ядналіся, каб рабіць дыверсіі па наводцы ў Беларусі, а пасля — у Расіі. Марыю абвінавачвааюць паводле ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму). Паводле сюжэту, 16-гадовая Марыя Місюк у 2022 годзе пераехала разам з сям'ёй з Украіны ў Беларусь, дзе стварыла "анархісцкую ячэйку для падрыхтоўкі тэрактаў". З "куратарам", як паведамляецца ў фільме, Місюк мела зносіны анлайн. Паводле супрацоўнікаў АНТ, куратарка "Марычка" адпраўляла Місюк "Інструкцыі па вырабе выбуховага прыстасавання, кактэйлю Молатава і літаратуру анархісцкага і дэструктыўнага зместу".
Сярод затрыманых — навучэнцы каледжаў у Баранавічах, Нясвіжы, Міры, Мінску і Лунінцы. Гэта Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Як сцвярджаюць супрацоўнікі АНТ, маладзёны збіраліся на баранавіцкай кватэры, каб падрыхтавацца да сваёй першай сур’ёзнай акцыі — сабраць выбухоўку і ўзарваць баранавіцкае аддзяленне міліцыі ці пракуратуру. Паводле якіх артыкулах абвінавачваюць астатніх пяці ўдзельнікаў, невядома. Як і невядомы іх статусы і месцазнаходжанне.
Таксама ў фільме паказалі 18-гадовага Данііла Герасіма. Яго абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) за тое, што ён фатаграфаваў вайсковыя аб'екты ў Асіповічах і спрабаваў перадаць "башмак" ініцыятыве "Супраціў". У фільме паказваюцца кадры пастаяннага сачэння за ім.
У фільме паказалі Станіслава Шапеля, які ўжо адбывае пакаранне ў калоніі, але на яго форме — белая "не экстрэміская" бірка. Ён, як сцвярджаецца, пагадзіўся быць кур'ерам, перапраўляць грошы. Таксама хлопец запісваў відэа, што супраць Пуціна і падтрымлівае Украіну.
Крыніца: Затрымалі семярых маладзёнаў. Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызме" і "здрадзе дзяржаве"