Серада, 10 Кастрычнік 2012

Працаўнікі супэрмаркету “Віцебскія прадукты” страйкуюць з-за “падвышэньня” заробкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як стала вядома з крыніцы, якая пажадала застацца ананімнай, сытуацыя, што склалася на гандлёвым прадпрыемстве «Віцебскія прадукты», вылілася ў страйк. У панядзелак, 8 кастрычніка, работнікі супэрмаркету «Віцебскія прадукты», разьмешчанага на вул. Воінаў Інтэрнацыяналістаў гораду Віцебску, ня выйшлі на працу на знак пратэсту супраць палітыкі аплаты працы, што ажыцьцяўляецца кіраўніцтвам.

 

З 1 верасьня 2012 году тарыфная стаўка першага разраду ў Беларусі падвышаная на 7,1%. Усе працаўнікі чакалі росту заработнай платы. Але адначасова з гэтым работнікам крамы былі зрэзаныя разнастайныя надбаўкі да заработнай платы, напрыклад: надбаўка за бесьперапынны стаж, надбаўка за перапрацоўку працоўнага часу, адмоўлена ў кампэнсацыі за выхад на працу ў выходныя дні і г.д. Усё гэта спрычынілася, наадварот, да зьніжэньня аплаты працы да абсалютнага мінімуму, зарплата стала складаць каля 1,5 мільёнаў рублёў.

Каб неяк схаваць факт страйку і ўсё ж адчыніць краму, кіраўніцтву «Віцебскіх прадуктаў» прыйшлося экстранна здымаць зь іншых гандлёвых аб’ектаў сваёй сеткі прадаўцоў і касіраў. Знайшліся штрэйкбрэхеры і з уласных шэрагаў. З горам папалам супэрмаркет у панядзелак усё ж працаваў. Страйкоўцам пагражаюць звальненьнем «за прагулы».

“Наш дом”

Залагініцца каб дадаць камэнтары