30.04.2024 Тэгі: міжнародная салідарнасць праваабаронцаў У Азербайджане 29 красавіка быў затрыманы кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і вывучэння дэмакратыі (EMDS) і сябра Human Rights House Анар Мамедлі. Паведамляецца, што ў Баку яго гвалтоўна заштурхалі ў аўтамабіль, затрымалі і цяпер абвінавачваюць у "кантрабандзе групай асоб". Нагадаем, што менавіта паводле такога ж абвінавачвання асудзілі чатырох праваабаронцаў "Вясны" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча,Уладзіміра Лабковіча і Зміцера Салаўёва.
Паведамляецца, што затрыманне Анара Мамедлі рушыла ўслед за мэтанакіраванай паклёпніцкай кампаніяй супраць яго з боку дзяржаўных СМІ і з'яўляецца адплатай за яго незалежную і жыццёва важную дзейнасць па назіранні за выбарамі.
Будучы сам былым палітвязнем, ён публічна падтрымліваў усіх палітвязняў, уключаючы нашых беларускіх калегаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. 2 сакавіка 2023 года ён запісаў зварот напярэдадні вынясення прысуду па справе "Вясны". Азербайджанскі праваабаронца звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам вызваліць усіх беларускіх палітвязняў, у тым ліку праваабаронцаў "Вясны".
Нагадаем, Анар Мамедлі быў арыштаваны і заключаны ў турму пасля адкрытай крытыкі прэзідэнцкіх выбараў у Азербайджане ў кастрычніку 2013 года. Пасля амаль двух з паловай гадоў турэмнага зняволення, Анар быў памілаваны прэзідэнтам Азербайджана разам з іншымі вядомымі палітвязнямі.
У 2017 годзе Анар наведаў Паралельны форум грамадзянскай супольнасці АБСЕ ў Мінску і даў вялікае інтэрв'ю "Вясне".
"Калі ў Беларусі ўрад хоча імітаваць дэмакратыю, то ў Азербайджане – ужо скончыў імітацыю"