30.04.2024 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, правы чалавека, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў 26 красавіка 1996 года – дзень народзінаў Праваабарончага цэнтра "Вясна". У гэты дзень было жорстка разагнанае мірнае шэсце "Чарнобыльскі шлях". Міліцыя затрымала сотні чалавек. Алесь Бяляцкі, на той час дырэктар літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча, аб’яднаўся з паплечнікамі, каб дапамагаць затрыманым дэманстрантам. Беларускія і міжнародныя арганізацыі і актары выказаліся з нагоды Дня народзінаў "Вясны".

Святлана Ціханоўская:

"За 28 гадоў нястомнай працы праваабарончы цэнтр злучыў лёсы сапраўды вялізарнай колькасці людзей, якія маюць патрэбу адно ў адным. Я хачу падзякаваць кожнаму, хто прыклаў руку да яе стварэння і працы. Дзясяткі адданых праваабаронцаў і актывістаў, сярод якіх нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, лаўрэаты прэміі «Чалавек чалавеку» Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Андрэй Чапюк і багата іншых.Тысячы смелых беларусаў, якія адстойваюць свае правы, звяртаюцца ў "Вясну" па дапамогу. Тысячы тых, хто аказвае валанцёрскую і фінансавую падтрымку працы цэнтра.

Кожны супрацоўнік, кожны валанцёр "Вясны" штодзень займаецца складанай, небяспечнай, але такой неабходнай для ўсіх нас працай. Я захапляюся вашай самаадданасцю і смеласцю. Дзякуй за ўсё, што вы зрабілі для абароны правоў чалавека ў Беларусі і працягваеце рабіць цяпер – нягледзячы ні на што".

Norwegian Helsinki Committee:

"<...>У гэтыя няпростыя часы вашыя нястомныя намаганні па абароне правоў чалавека ў Беларусі натхняюць".

Шэйна МакХ'ю (амбасадарка Ірландыі ў Літве):

"День народзінаў "Вясны" — цудоўная магчымасць выказаць ёй рашучую падтрымку за яе працу. Дзейнасць арганізацыі немагчыма пераацаніць, асабліва пасля атрымання Алесем Бяляцкім Нобелеўскай прэміі. Людзі і ўрад Ірландыі выказваюць моцную падтрымку дэмакратычным правам беларусаў і заклікаюць да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Мы спадзяемся пабачыць гэта".

Libereco — Partnership for Human Rights:

"<...>Мы віншуем нашых сяброў, але адсвяткаваць можам толькі тады, калі ўсе іх актывісты будуць вольныя".

Аста Андрыяўскене, пасол па асаблівых даручэннях амбасады Літвы ў Беларусі:

"Мы вельмі паважаем і цэнім тую працу, якую робяць праваабаронцы "Вясны". Калі я працавала ў Мінску, то сустрэла Алеся Бяляцкага ў зале суда, куды мы прыйшлі назіраць. Я асабіста ўбачыла яго ўпершыню, ён падаўся мне вельмі разумным і прафесійным праваабаронцай, я ўбачыла чалавека, у якога ёсць вялікі аўтарытэт у праваабарончай сферы не толькі ў Беларусі, але і сярод міжнародных арганізацый. Пра гэта сведчыць і атрыманая ім Нобелеўская прэмія міру. 

Толькі што мы ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыльскай катастрофы, "Вясна" была створаная ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, гэта сімвалічна. Таму ў гэты дзень таксама хочацца ўзгадаць тых людзей, якія пацярпелі і даслаць ім сваю падтрымку. Я заўсёды з вялікай павагай ставілася да той працы, што робіць "Вясна". Мы вельмі спаздяемся, што хутка "Вясна" зможа вярнуцца ў Беларусь і працягваць сваю працу".

Марыя Колесава-Гудзіліна, прэзідэнтка Беларускай Асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека:

"Беларуская Асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека — гэта адвакаты з Беларусі. Мы — тыя, хто працуе побач з "Вясной". Гэта ўвесь час было небяспечна, але ты заўжды ведаў, што з табой побач будуць Алесь Бяляцкі, Наста Лойка, Марфа Рабкова, і што калі камусьці будзе патрэбная дапамога, яны ведаюць, каму патэлефанаваць і спытаць парады. Таму, напэўна, усё нашае жыццё — "Вясна". Як адвакаты, якія абараняюць правы чалавека, чальцы нашай асацыяцыі так ці інакш ведаюць, што такое "Вясна" і што мы робім агульную справу. Зычу, каб былі такія часы, калі ў Беларусі была б не патрэбная праваабарончая дзейнасць. Дзякуй вялікі за ўсё, што мы робім разам.

Я б хацела падзякаваць вясноўцам, якія цяпер утрымліваюцца ў зняволенні. У першую чаргу за тое, што асабіста ў маім жыцці і жыцці кожнага з асацыяцыі ёсць "Вясна".

Беларускі Хельсінкскі камітэт:

"Вясна" прафесійна і крэатыўна робіць неверагодную справу. Дзякуй за тое, што арганізацыя працягвае абараняць правы чалавека, нягледзячы на цяжкую сітуацыю. Таксама хочацца павіншаваць усе праваабарончыя арганізацыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці за тое, што ў нас ёсць "Вясна" — такія добрыя партнёры, з якімі заўсёды можна рабіць агульную справу. Калі робіш нешта з ёй, заўсёды ведаеш, што ўсё будзе зладжана прафесійна і своечасова.

Вядома, вялікае дасягненне — захаваць сябе за гэтыя 28 гадоў, больш за тое — нарасціць каманду, якая складаецца з людзей, з якімі вельмі прыемна працаваць. На жаль, калегі, лідары "Вясны" цяпер знаходзяцца за кратамі і не могуць святкаваць Дзень народзінаў побач, але я веру, што хутка ўсё будзе добра, вясна прыйдзе і калегі будуць на волі разам сустракаць наступны, 29-ты год народзінаў. Ім хацелася б пажадаць верыць, што іх праца па абароне і прасоўванні правоў чалавека была недарма. Хутка прыйдуць добрыя часы.  

Цяжка рабіць справу, калі кожны дзень сутыкаешся з інфармацыяй пра парушэнні правоў чалавека. Але гэта вельмі важна працягваць, веру, што "Вясна" працягне сваю праву па абароне правоў чалавека ў Беларусі".

Сяргей Крывенка, сябра праўлення Міжнароднай асацыяцыі "Мемориал":

"Я вельмі хачу павінашваць "Вясну" — нашых партнёраў па Нобелеўскай прэміі, па праваабарончым руху, па асэнсаванню гісторыі са святам. Хачу пажадаць усяго самага добрага, праца арганізацыі патрэбная і важная, а з назвы "Вясна" вынікае, што яна будзе працягвацца гэтак жа, як кожны год надыходзіць вясна. Гэта найстарэйшая праваабарончая арганізацыя ў Беларусі, мы ўзаемадзейнічаем амаль 30 гадоў, у пэўным сэнсе расійскі праваабарончы рух вучыцца цяпер у беларускіх калег, як супраціўляцца нават у такіх складанейшых умовах. Рэпрэсіі ў Беларусі па масштабе большыя, чым у Расіі. Гэта дае сілы змагацца і нам, дае ўпэўненасць у тым, што рана ці позна, мы пераможам, у Расіі і Беларусі дэмакратычнае грамадства будзе жыць паводле тых законаў, паводле якіх жыве ўвесь цывілізаваны свет. Гэтая агромністая надзея — у тых людзях, якія нясуць гэтую ідэю, у беларусах і расіянах, якія працягваюць супраціўляцца. Таму зычу ўзмацняць сілы, а мы будзем усяляк дапамагаць і ўзаемадзейнічаць. 

Знаходзячыся на волі, складана казаць словы тым, хто знаходзіцца ў зняволенні. Яны трымаюцца, і гэта дае нам сілы і магчымасць працягваць працу тут. Складана сказаць, што гэта добры прыклад — бо людзі ў такой сітуацыі не мусяць быць прыкладам. Вельмі хочацца, каб яны выйшлі на волю і мелі магчымасць дзейнічаць так, як яны хочуць, вясці сваю справу. Але цяпер яны фактычна закладнікі, але тое, як яны знаходзяцца ў зняволенні, як яны ўнутрана супраціўляюцца рэжыму, не ідуць з ім на супрацоўніцтва, дае стымул і надзею. У гэтым яны з'яўляюцца прыкладам для ўсіх нас. І галоўнае — гэтаму хочацца адпавядаць. Таму хацелася б пажадаць ім трымацца".

Барыс Гарэцкі, БАЖ:

"Вясна" — гэта вельмі важная праваабарончая арганізацыя ў Беларусі, таму што цяпер рэпрэсіі дасягнулі лавінападобнага аб'ёму. Калі мы, палітычна актыўныя людзі, ведаем, дзе шукаць дапамогу, падтрымку, параду, то большасць людзей гэтага не ведае. Такім ратавальным колам для людзей з'яўляецца "Вясна", куды можна звярнуцца, калі прыйшлі з ператрусам, затрымалі, выпусцілі, выклікаюць на допыт, запалохваюць. "Вясна" па вялікім рахунку стала сінонімам слова "праваабарона" ў Беларусі. Да гэтага прыклала намаганні нават дзяржаўная прапаганда, рэкламуючы "Вясну". Гэта добра: людзі, не маючы магчымасці абараняць сябе самастойна, ведаюць, куды звярнуцца. Таксама "Вясна" — гэта міжнародны розгалас пра сітуацыю ў Беларусі. Праваабаронцы ў розных месцах, з дапамогай розных юрыдычных механізмаў кажуць пра беларускую сітуацыю: гэта дапамагае свету не забыцца на Беларусь. Для нас "Вясна" — гэта галоўныя партнёры, якія заўсёды былі ў авангардзе абароны правоў чалавека. Таму яе першую і арыштавалі. 

Галоўнае маё пажаданне сёння — тым, хто сядзіць. І Валянцін, і Уладзь — мае сябры, я ведаю іх сем'і, таму зычу ўсім вытрымаць і дачакацца. Я спадзяюся, што мы ўсе разам дачакаемся зменаў у Беларусі, а іх сем'і — дачакаюцца іх здаровымі і жывымі, з вялізным досведам, працай, якія за сваю працу адсядзелі і выйшлі. Зараз я б сказаў ім: "Хлопцы, мы працягваем, нічога не спынілася. Улады скрыпяць зубамі і робяць усё, каб нас спыніць, а мы працягваем вашую справу". 

Марыя Гур'ева, старшая кампэйнерка па рэгіёне Усходняя Еўропа-Цэнтральная Азія, Amnesty International:

"Amnesty International — гэта міжнародная арганізацыя, і хаця ў нас ёсць офісы ў розных краінах, для нашай працы вельмі важна ствараць і захоўваць сувязі з арганізацыямі, якія працуюць непасрэдна ў краінах, факусуюць сваю працу на абароне інтарэсаў гэтых людзей. І таму мы вельмі цэнім магчымасць супрацоўнічаць з "Вясной", якая вельмі блізкая да беларусаў. Мы ведаем, што "Вясна" клапоціцца пра тых, хто ў краіне і выехаў, што асноўная мэта арганізацыі — іх падтрымка і абарона. Больш за тое — што "Вясна" вельмі надзейная, уважліва ставіцца да дэталяў, людзей і інфармацыі, якая публікуецца. Таму калі мы бяром інфармацыю ад "Вясны", мы ўпэўненыя, што яна дакладная і поўная, што мы можам выкарыстоўваць яе ў сваёй працы. 

Людзі ў зняволенні знаходзяцца ў ізаляцыі, мэта ўладаў Беларусі — ізаляваць іх ад грамадства, сваякоў і адзін аднаго, яны хочуць, каб людзі адчувалі сябе кінутымі. Таму я бы хацела сказаць палітзняволеным вясноўцам, наколькі вялікая падтрымка людзей, колькі незнаёмых людзей ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, імёны палітзняволеных, іх гісторыі, пішуць ім лісты, нават калі яны не знаходзяць. Вельмі важна разумець, што ты не кінуты, што ўвесь свет стаіць на тваім баку". 

Крыніца: "Намаганні па абароне правоў чалавека натхняюць", Партнёры распавядаюць пра "Вясну"