Гандляры Віцебшчыны масава парушаюць заканадаўства
Парушэньні заканадаўства пры абслугоўваньні спажыўцоў выяўленыя ў лютым ва ўсіх правераных Камітэтам дзяржаўнага кантролю крамах Віцебску і Віцебскага раёну, паведамілі ў КДК Віцебскай вобласьці. КДК вобласьці ў лютым правёў кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 19 гандлёвых аб’ектах. Вынікі мерапрыемстваў сьведчаць пра недастатковы кантроль за станам гандлёвага абслугоўваньня насельніцтва з боку гандлёвых арганізацыяў, ворганаў мясцовага кіраваньня, а таксама мясцовых наглядных ворганаў па недапушчэньні парушэньняў і іх прафіляктыцы, лічаць у ведамстве.
Арганізатары Дня Волі судзяцца з мэдыкамі
Віцебская цэнтральная гарадзкая паліклініка адмовілася заключыць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. І гэта можа стацца перашкодай для атрыманьня дазволу на мітынг. Бо наяўнасьць дамоваў на абслугоўваньне — гэта першасная ўмова, рэглямэнтаваная рашэньнем гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Таму кіраўнік абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў вырашыў змусіць мэдыкаў да заключэньня дамовы праз суд.
Віцебскую папраўчую калёнію для падлеткаў зачыняць
Падлеткавую папраўчую калёнію ў Віцебску плянуюць зачыніць. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка аддзелу ўпраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Валер Мялешка. “Паступова мы прыйшлі да таго, што ў нас застанецца адна падлеткавая калёнія - у Бабруйску, дый там зьмяшчаецца зусім ня шмат зьняволеных. Раней такіх калёніяў было тры - яшчэ дзьве ў Віцебску. Адна зь іх зачыненая некалькі гадоў таму, другую таксама плянуецца зачыніць”, - распавёў Валер Мялешка.
Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны рыхтуюцца да мясцовых выбараў (відэа)
Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны плянуюць удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы, якія маюць адбыцца ў 2014 годзе. Пра гэта «Віцебскай Вясьне» паведаміла абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец. Зрэшты, падкрэсьліла яна, пакуль яшчэ гэта не афіцыйная пазыцыя.
Віцебскія ўлады не далі дазволу на вулічнае шэсьце 10 сакавіка
Віцебскі гарвыканкам адмовіў актывісту КХП-БНФ Яну Дзяржаўцаву ў дазволе на правядзеньне вулічнага шэсьця, прымеркаванага да 150-х угодкаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Прычына забароны акцыі стандартная: адсутнасьць дамоваў, прадугледжаных рашэньнем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
У Віцебску прэзэнтавалі кнігу "Фэмінізацыя беларускай мовы"
На мінулым тыдні ў Віцебску адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзіслава Гарбацкага “Фэмінізацыя беларускай мовы”. Арганізатарамі выступілі праваабарончы праект “ГейБеларусь” пры падтрымцы “Незалежнага кінаклюбу”.
Міліцыянты ня выявілі парушэньняў падчас аблавы на гей-вечарыну
Упраўленьне па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлем людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкаму паведаміла актывістам Максіму Гайкову, Тацьцяне Быкавай і Алегу Квяцінскаму аб тым, што іх скарга адносна дзеяньняў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў клюбе “21 стагодзьдзе” разгледжаная. Першы намесьнік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму ўдакладніў, што па факце скаргі была праведзеная праверка. У яе выніку высьветлілася, што 12 студзеня службовыя асобы ў віцебскім клюбе “21 стагодзьдзе” праводзілі “наступныя апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы: абсьледаваньне памяшканьняў, будынкаў, збудаваньняў, іх агляд з мэтай магчымага выяўленьня прыкмет злачыннай дзейнасьці, а таксама апытаньне грамадзян. Падчас названых пошуковых мерапрыемстваў праводзіўся відэазапіс”.
Мітынг у Дзень Волі адбудзецца. Не пазіраючы ні на што!
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў 6 сакавіка падаў заяўку на правядзеньне мітынгу ва ўшанаваньне 95-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле яго слоў, мітынг плянуецца правесьці 25 сакавіка з 17:30 да 18:30 на віцебскім стадыёне «Лякаматыў». Аўтухоў таксама напісаў скаргі ў пракуратуру і Віцебскі аблвыканкам на адмову прадстаўнікоў хуткай дапамогі і міліцыі заключыць дамовы на забесmпячэньне суправаджэньня масавага мерапрыемства.
Сяргей Каваленка: Захад дэградуе!
Віцебскі актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка мяркуе: камітэт па правох чалавека ААН не падтрымаў яго скаргу, таму што “Захад дэградуе”. “Эўропа адмовілася ад сваіх нацыянальных і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, менавіта таму ў ААН мяне не падтрымалі”, — так пракамэнтаваў Каваленка адмову Камітэту па правох чалавека (КПЧ) ААН прызнаць факты парушэньня беларускай дзяржавай яго грамадзянскіх і палітычных правоў.
Дырэктар “Славянскага базару” напісаў заяву аб звальненьні
Нязьменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, дырэктар Цэнтру культуры “Віцебск” Радзівон Бас падаў 1 сакавіка заяву аб звальненьні. Адначасова зь ім падала заяву на звальненьне і галоўны бухгальтар установы. На думку віцебскіх прадстаўнікоў грамадзкасьці, неўзабаве могуць быць і іншыя заявы аб звальненьні, паведамляе ІА Regnum.