Паколькі кіраўніцтва Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі і УУС Віцаблвыканкаму ухілілася ад заключэньня неабходных дамоваў, Ян Дзяржаўцаў разам з заявай на правядзеньне шэсьця падаваў скаргу на дзеяньні службовых асоб, у якой прасіў прымусіць апошніх заключыць дамовы. Бо, на думку Яна Дзяржаўцава, калі грамадзяне, што хочуць правесьці масавае мерапрыемства, маюць абавязак заключаць дамовы з арганізацыямі, пералічанымі ў рашэньні аблвыканкаму, дык тады такі самы абавязак маюць і самі гэтыя арганізацыі.
Аднак намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Шлома, чый подпіс стаіць пад адказам на скаргу і заяву аб правядзеньні шэсьця, лічыць інакш. Грамадзяне і юрыдычныя асобы свабодныя ў заключэньні дамоваў, прымус да заключэньня дамоваў не дапускаецца, за выключэньнем выпадкаў, калі абавязак заключыць дамову прадугледжаны заканадаўствам або добраахвотна прынятым абавязальніцтвам, – напісаў ён актывісту КХП-БНФ. Чаму рашэньне гарвыканкаму № 881 зьяўляецца заканадаўчым актам, абавязковым для выкананьня грамадзянамі, і пры гэтым ні да чаго не абавязвае арганізацыі, пазначаныя ў гэтым рашэньні, спадар Шлома не патлумачыў. Як не патлумачыў і тое, якім чынам на практыцы можна выканаць рашэньне гарвыканкаму.
«Улады сваёй адмовай у правядзеньні шэсьця ў гонар 150-годзьдзя нацыянальна-вызваленчага паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага паказалi, што яны падтрымліваюць зьнішчэньне Расеяй нашай былой краіны – Вялікага Княства Літоўскага. Лічу, што цяперашнія ўлады падтрымліваюць намаганьні Расеі па зьнішчэньні сапраўднай беларускай гісторыі, беларускай мовы і культуры ды, у рэшце рэшт, і самой краіны пад назвай Беларусь», – сказаў Ян Дзяржаўцаў.