15.11.2024 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, пераслед У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-15 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Чарговыя выбары прэзідэнта ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года, суправаджаюцца традыцыйнымі рэпрэсіямі. 14 лістапада адбылася другая хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

15 лістапада МУС традыцыйна абнавіла Спіс эктстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты "Блёк воля", "Heretic Camp -MZ/WJ official discography", "Штабные крысы";
  • Instagram старонкі "bela.manc", "belgium_razam", "allboty", "thewesternbattalion", "_asadak_", "yauhendrums", "belarusiansdc";
  • Старонка ва "Укантакце" "Эмиграция из Белорусского концлагеря";
  • Сацсеткі праекту "Не твоя война";
  • YouTube-канал "Нашы Шортсы";
  • Старонкі ў "Аднакласніках" "Bel.Lit", "Незалежны прафсаюз РЭП", "Свабода";
  • TikTok-старонкі "chinovniktiktok", "nedeshevka228".

З'явілася інфармацыя пра затрыманні на БЕЛАЗе — яны звязаныя з іх новымі ботамі 

Праваабаронцы 14 лістапада атрымалі інфармацыю пра масавы "хапун" на жодзінскім прадпрыемстве. Паведамляецца, што затрыманні звязаныя з новымі кітайскімі ботамі, якія пачало выпускаць прадпрыемства.

Сцвярджаецца, што нехта з супрацоўнікаў прадпрыемства стварыў нейкі чат, у якіх пачаў высмейваць боты — пасля гэтага пачаліся затрыманні.

Па ўсёй Беларусі прайшла чарговая хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў 

Сваякі палітвязняў нясуць перадачы ў СІЗА разам з праваабаронцам
Сваякі палітвязняў нясуць перадачы ў СІЗА разам з праваабаронцам

Па інфармацыі праваабаронцаў, 14 лістапада супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне. Пад затрыманні трапілі таксама і сваякі палітвязняў. Па інфармацыі "dissidentBY", арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей на прадмет атрымання дапамогі.

Таксама "Краіна для жыцця" паведамлялі, што затрыманні прайшлі ў Гродненскай вобласці, Баранавічах і Мінску.

Справу Антона Матолькі накіравалі ў суд 

Антон Матолька. Фота з сайта Еўрарадыё

Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд завочную крымінальную справу блогера Антона Матолькі.

Нагадаем, сёлета 22 ліпеня супраць Антона Матолькі распачалі спецвытворчасць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса:ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяй), ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), ч. 1 і 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве).

У Оршы за "экстрэмізм" судзілі маладую маці, якая вядзе тыкток-блог пра гарадское жыццё

Як паведаміў тг-канал "Витебск, я гуляю!", 13 лістапада імя Марыны Пруднікавай з'явілася ў раскладзе суда Аршанскага райна і Оршы. Суддзя Інна Кахова. Жанчыну судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).Марына гадуе дваіх дзяцей.

Крыніца: Затрыманні сваякоў палітвязняў, "хапун" на БЕЛАЗе: хроніка пераследу 14-15 лістапада