Панядзелак, 11 Сакавік 2013

Гандляры Віцебшчыны масава парушаюць заканадаўства

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Парушэньні заканадаўства пры абслугоўваньні спажыўцоў выяўленыя ў лютым ва ўсіх правераных Камітэтам дзяржаўнага кантролю крамах Віцебску і Віцебскага раёну, паведамілі ў КДК Віцебскай вобласьці. КДК вобласьці ў лютым правёў кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 19 гандлёвых аб’ектах. Вынікі мерапрыемстваў сьведчаць пра недастатковы кантроль за станам гандлёвага абслугоўваньня насельніцтва з боку гандлёвых арганізацыяў, ворганаў мясцовага кіраваньня, а таксама мясцовых наглядных ворганаў па недапушчэньні парушэньняў і іх прафіляктыцы, лічаць у ведамстве.

Ва ўсіх правераных гандлёвых аб’ектах выяўленыя парушэньні: у больш як палове крамаў не выконваліся патрабаваньні да якасьці тавараў, якія рэалізуюцца, у кожнай трэцяй адсутнічалі прадугледжаныя асартымэнтным пералікам тавары; ў 84% - парушаліся санітарныя нормы і правілы, у кожнай пятай краме парушаліся метралягічныя нормы і правілы. За дапушчаныя парушэньні ў лютым да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнута 30 чалавек, да дысцыплінарнай - 21 чалавек. КДК вобласьці працягне кантроль за станам спажывецкага рынку.

Крыніца: БелТА