Чацвер, 19 Май 2022

Старшыню БНП Максіма Пазнякова асудзілі за «пікетаванне ў інтэрнэце»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Максім Пазнякоў Максім Пазнякоў

У Наваполацкім судзе прайшоў судовы працэс над Максімам Пазняковым, старшынём Беларускага Незалежнага прафсаюзу. Суд прызнаў яго вінаватым у незаконным пікетаванні за «аватаркі» у Фэйсбуку, на якіх быў жоўта-блакітны сцяг і лозунг «За незалежнасць».

Старшыню недзяржаўнага прафсаюзу пакаралі арыштам на 15 сутак. Двое сутак ён ужо адбыў за кратамі да суду: яго затрымалі ранкам 17 траўня каля дзіцячага садку, куды лідар недзяржаўнага прафсаюзу адводзіў сваіх дзяцей. Затрыманне праводзілі людзі ў цывільным, якія пад’ехалі на аўтамабілі без апазнавальных знакаў. Да сённяшняга дня родныя і сябры Максіма Пазнякова не ведалі прычынаў затрымання.

Гэта ўжо другое адміністрацыйнае пакаранне для прафсаюзнага лідара за апошні час: у верасні 2021 году яго затрымалі і асудзілі да штрафу памерам 30 базавых велічынь паводле ч.2 артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). У віну Максіму Пазнякову паставілі рэпосты з «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў у сацыяльных сетках.

Міхась Хмара