Пракурорка папрасіла пакараць Святлану Фірсаву двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і забавязаць выплаціць штраф, прысуджаны яшчэ 2-га лютага.
Крымінальную справу, распачатую паводле ч.1 артыкула 368 разбірае суддзя Віктар Бясецкі. Святлана Фірсава адмовілася даваць паказанні падчас судовага працэсу, і суддзя апеляваў да зместу допытаў, якія праводзіліся падчас знаходжання дзяўчыны ў віцебскім СІЗА-2.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Святлана Фірсава нібыта двойчы – 30 жніўня 2020 году і 30 ліпеня 2021году – размясціла ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах каментары з абразамі на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Жанчына прызнала сваю віну і нават папрасіла прабачэння. Аднак пракурорка Вольга Коласава падчас судовых спрэчак сказала, што не верыць словам падсуднай. Маўляў, яе не «перавыхавалі» ранейшыя адміністрацыйныя спагнанні за апазіцыйную дзейнасць і не спыніла нават крымінальная справа, распачатая за «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Пракурорка нагадала, што ўвосень 2020-га году Фірсава і яе сяброўка Вольга Трунова наносілі на аб’ектах камунальнай гаспадаркі надпісы белай і чырвонай фарбай. За гэта Святлану Фірсаву аштрафавалі на 200 базавых велічынь, але яна не мела фізічнай магчымасці выплаціць гэты штраф, бо была затрыманая і знаходзілася ў СІЗА.
Пакуль Фірсава была пад вартай, следчыя займаліся вывучэннем яе тэлефона, дзе знайшлі перапіску з прадстаўніком ВyHelp, а таксама кантакты, якія прадстаўляюць аператыўны інтарэс: канал «План Перамога» і «План Перамога – бот». Не выключана, што на падставе гэтай інфармацыі супраць Фірсавай будзе распачатая яшчэ адна крымінальная справа.
Прысуд у справе за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі будзе агучаны 20-га траўня а 14-й гадзіне.
Андрэй Кот