Міхаіл Лабань – гаспадар ювелірнай майстэрні «Самародак», займаўся вырабніцтвам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю сярэднявечча. Жанаты, сям’я выхоўвае двух дзяцей. 17 лютага на старонцы «ВКонтакте» ягоная жонка паведаміла, што Міхаіл знаходзіцца за кратамі, бо ён пад следствам за «каментар у непатрэбным месцы», і што майстэрня часова спыняе прыём замоваў. Міхаіла Лабаня абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч.1 арт. 367), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). Падрабязнасці справы не вядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вырак – чатыры гады калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 3200 рублёў (100 базавых велічыняў) – абвясціў суддзя Віталь Лапко.
Жыхарку Ветрына Святлану Фірсаву ў судзе Полацку і Полацкага раёну судзіў Уладзімір Бясецкі. Паводле матэрыялаў следства, яна двойчы – – 30 жніўня 2020 году і 30 ліпеня 2021году – размясціла ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах каментары з абразамі на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Таксама на судзе была згадана ранейшая крымінальная справа, распачатая супраць дзяўчыны за «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Паводле артыкула 341 Фірсавай прысудзілі штраф памерам 200 базавых велічыняў за «апазіцыйныя» надпісы і малюнкі, зробленыя белай і чырвонай фарбай. Яна не паспела сплаціць гэтыя грошы, бо была затрыманая і змешчаная ў СІЗА-2. Цяпер суддзя Уладзімір Бясецкі пастанавіў выплаціць гэтыя грошы, а таксама паводле ч.1 арт.368 прысудзіў Святлане Фірсавай пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Міхась Хмара