Затрыманых на фестывалі «Аршанская бітва» асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведамляе тэлеграм-канал «Вясна» назірае», трох чалавек прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Гэта - Юрась Копцік, Ігар Уласенка і Васіль Мірановіч. Іх затрымалі ў ноч з 4 на 5 верасня.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 7 верасня пачаўся судовы працэс над актывістамі «Краіны для жыцця» Алегам Баразной і Аляксандрам Мацеюком. Ім выставілі абвінавачанні паводле «групавой» часткі 3 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў»). Мацеюка абвінавачваюць, апроч таго, паводле ч. 2 арт. 332 КК («Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў»). Зазначым, што ч.3 арт. 328 КК прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 6 верасня пачаўся працэс над 50-гадовым Міхаілам З. Дырэктара прыватнага прадпрыемства судзяць за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Паводле пракурора, мужчына «прыняў баявую стойку» і выказваў пагрозы на адрас міліцыянтаў. Цяпер яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

5 верасня з ШІЗА віцебскай папраўчай установы адкрытага тыпу №9 пасля 30 сутак пакарання мусіў выйсці гарадзенскі панк-музыка Ігар Банцэр. Аднак, як стала вядома, музыка атрымаў чарговыя 10 сутак. Першапачаткова пасля ўзмацнення ціску з боку адміністрацыі Банцэр трапіў у штрафны ізалятар за адмову прыбіраць памяшканне.

За кратамі знаходзяцца сотні беларусаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Праваабаронцы з дапамогай сваякоў вязняў склаў практычны дапаможнік па перадачах у СІЗА і калоніі, які спросціць збор пасылак і перадач. Што класці ў перадачы, як іх перадаваць, якія лайфхакі ёсць апісана ў дапаможніку.

3 верасня ў Наваполацку затрымалі прафсаюзнага актывіста Вадзіма Міхайлава. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ падчас абедзеннага перапынку, калі выехаў у горад на сваім аўтамабілі. Міхайлава адвезлі ў ГАУС Наваполацку, адкуль ён ужо не выйшаў. Як паспеў паведаміць Вадзім Міхайлаў, прычынай затрымання стала налепка з Пагоняй на багажніку ягонага аўто.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 3 верасня адбыўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Гэтым разам на лаве падсудных апынулася 51-гадовая Вера Струніна, якая працуе вахцёркай у віцебскім інтэрнаце. За кароткі каментар на адрас ужо былога міліцыянта з Віцебску суддзя Дзяніс Аляксеенка прысудзіў ёй 1 год і 6 месяцаў «хіміі». Пракурор Антон Гарохаў прасіў пакараць трыма гадамі. Ад адваката жанчына адмовілася.

Палітзняволенай віцяблянцы Юліі Кашаверавай адмовілі ў памілаванні. Як паведаміў бацька Юліі, прашэнне аб памілаванні напісала ейная бабуля. Камісія ў пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці прашэнне разгледзела, але не задаволіла. Як паведамлялася раней, Кашаверава ўжо дасылала прашэнне аб памілаванні ў так званы "Круглы стол дэмакратычных сіл" (КСДС), які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі.

26 жніўня 2021 Камітэтам ААН па правах чалавека пад нумарам 4000/2021 была зарэгістраваная скарга Наталлі Трошчанкі. Грамадзянская актывістка мяркуе, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы.

2 верасня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску прайшло закрытае судовае паседжанне, на якім разглядалася скарга «на затрыманне, заключэнне пад варту, хатні арышт, падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай і дамашняга арышту, а таксама – на прымусовае змяшчэнне ў судова-псіханеўралагічны экспертны стацыянар». Абвінавачаны і скаржнік – Уладзімір Мунякін, які набыў у Віцебску вядомасць, дзякуючы напаўфантастычным праектам. Адным з такіх было абяцанне перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах.