Вольгу Брыцікаву затрымалі 1 лістапада. На трэці дзень знаходжання за кратамі яе асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) да арышту на 15 сутак. 11 лістапада, падчас знаходжання ў наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў над Вольгай адбыўся другі суд – за несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 19.11 КаАП). Падставай для пратакола стаў малюнак «Не вайне» на яе старонцы ў Фэйсбуку, за які яна ўжо адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу Брыцікаву вінаватай і прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.
Такім чынам, сёлета жанчына адбывае ўжо сёмы арышт: увесну гэтага году яна правяла за кратамі 75 сутак без перапынку, бо была асуджана 5 разоў запар.
8 лістапада праваабаронцы даведаліся, што Вольга Брыцікава абвясціла галадоўку за кратамі. Але не вядома, ці трымае жанчына галадоўку дагэтуль. Не вядомыя і прычыны пераводу ў Віцебск, версію пра крымінальную справу пакуль не ўдаецца ні пацвердзіць, ні аспрэчыць.
Міхась Хмара