Субота, 18 Кастрычнік 2025

Сродкі ад наступнага суботніка пойдуць на знак "Працоўнай славы" ў Оршы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Наступны  Рэспубліканскі суботнік запланаваны на 25 кастрычніка. Адпаведная пастанова апублікавана на Нацыянальным прававым партале. Згодна з дакументам, 50 працэнтаў усіх сабраных сродкаў паступяць у рэспубліканскі бюджэт і будуць накіраваны на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Другая палова застанецца ў распараджэнні рэгіёнаў. Віцебская вобласць накіруе іх на ўстаноўку памятнага знака "Орша – горад працоўнай славы”. Гэты праект так і застаецца няўцямным для аршанцаў.

Аб тым, што Оршу (і Баранавічы) вылучылі на прысваенне ганаровага звання "Горад працоўнай славы.1941-1945" у рамках праекта СНД, стала вядома 30 сакавіка. Але рашэння аб узнагароджанні да гэтага часу ніхто не бачыў, хаця ў Баранавічах памятны знак ужо адкрылі – паводле ўмоваў прысваення звання ў кожным “горадзе працоўнай славы” павінна быць усталявана адмысловая стэла.

Аршанскі райвыканкам  абвясціў  конкурс на найлепшы праект памятнага знака. Паводле конкурснага палажэння, стэла павінна быць ад 7 да 9 метраў вышынёй і мусіць быць  выканана «в наилучших традициях классического и национального монументального искусства».  Таксама райвыканкам парэкамендаваў аўтарам размясціць на гэтым памятным знаку герб Оршы, ордэн Леніна і медаль «Серп і молат» — узнагароды горада.  І гэта далёка не ўсё: "На горизонтальной части памятного знака в виде ретроспективной ленты можно изобразить сферы достижений Героев труда из важнейших для Оршанского района символов: советской боевой машины реактивной артиллерии периода Второй мировой войны (БМ-13), железнодорожного узла (изображение довоенного паровоза и поезда 50-60-х гг.), знаковой символики для сельского хозяйства ( цветков льна, льняных снопов, трактора, колосьев), продукции предприятий города (станки, отдельные детали)”.  

 Пераможцам конкурса праектаў  стаў  віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў. Аднак ці ўдалося яму выканаць пажаданні мясцовых уладаў, невядома. Бо імя пераможцы было названа толькі 13 жніўня, і на той час ужо прайшло грамадскае абмеркаванне праекта. Як пазней высветлілася, на яго былі прадстаўлены планшэты з выявай “умоўнай” стэлы – зусім не той, якую прыдумаў віцебскі скульптар.

Стэлу збіраюцца ўсталяваць  у новым Парку працоўнай славы на скрыжаванні вуліц Заслонава і Грыцаўца. Гэты парк зараз – толькі на стадыі закладкі: праглядаюцца толькі 4 дарожкі, якія будуць весці да пляцоўкі са стэлай. Працы на аб’екце яшчэ шмат, а зіма ўжо не за гарамі. Таму зразумела, чаму сродкі, заробленыя на суботніку, будуць спешна ўкладаць у брукаванку, клумбы, дрэвы і гэтак далей.

Алег Якаўлеў