Чацвер, 25 Верасень 2025

Алесю Бяляцкаму сёння споўнілася 63 гады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пяты раз пасля апошняга арышту і суда над ім стваральнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Бяляцкі сустракае дзень народзінаў за кратамі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі знаходзіцца  з ліпеня 2021 года, ён адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласці. Алесь асуджаны на 10 гадоў зняволення. Яго аабвінавацілі ў кантрабандзе і фінансаванні парушэння грамадскага парадку, але  праваабаронца не прызнаў віну ні па адным з артыкулаў.  

Гэта ўжо другі працяглы тэрмін зняволення праваабаронцы, не лічачы шматлікіх адміністрацыйных арыштаў. Мінулым разам, падчас адбыцця пакарання ў бабруйскай калоніі з 2011 па 2014 год, як казалі сябры Алеся Бяляцкага, у яго не было вялікіх праблемаў са здароўем. Тады ў калоніі Бяляцкі працаваў на шыцці пальчатак, меў спатканні з сваякамі і атрымліваў пасылкі з дому.

Гэтым разам адразу пасля змяшчэння ў горацкую калонію праваабаронцу накіравалі працаваць на цяжкую вытворчасць — на дрэваапрацоўку, і неўзабаве ў яго ўзніклі складанасці  са здароўем з’явіліся.Як стала вядома Радыё Свабода, зняволенага нобелеўскага лаўрэата гэтым летам вазілі на аперацыю ў турэмны шпіталь у Калядзічах пад Мінскам.

«Ведаем, што аперацыя была на нагах, але якая дакладна — невядома. І нібыта аперацыя прайшла нармальна, інакш бы яго не вярталі ў калонію гэтак хутка. А яго вярнулі, ён зноў у атрадзе. Але ці зноў працуе Алесь на дрэваапрацоўцы, ці дзе ў іншым месцы, невядома», — расказала пра Бяляцкага крыніца, якая прасіла захаваць ананімнасць.

Пра ўмовы, у якіх жыве і працуе Алесь Бяляцкі ў калоніі, звестак няшмат, бо кантакты з ім адміністрацыя калоніі максімальна абмяжоўвае. Са снежня 2024 года ад праваабронцы няма лістоў, а апошнюю паштоўку ад яго атрымалі ў канцы года.

 «У мяне ўсё нармальна, не хвалюйцеся», — напісаў тады Алесь Бяляцкі.