Панядзелак, 22 Верасень 2025

Блогер Дзмітрый Казлоў вырашыў застацца ў Літве і займацца абвяржэннем беларускай прапаганды

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дзмітрый Казлоў - блогер з Барані, вядомы як “Шэры Кот”,  — адзін з тых вязняў, каго вызвалілі 11 верасня і прымусова вывезлі ў Літву. У гэтай краіне ён збіраецца застацца - прынамсі, у найбліжэйшы час. Пра гэта ён распавёў ў першым стрыме у наноў створаным Youtube-канале. Стрым быў праведзены з санаторыя ў літоўскім Бірштонасе - туды накіроўваць былых палітзняволеных, каб яны трохі паправілі здароўе. Таксама ён падзяліўся сваімі планамі на блогерскію дзейнасць.

Паводле Дзмітрыя Казлова, гэтымі днямі ён вывучае палітычную абстаноўку і ўсё тое, што адбылося ў Беларусі за тыя 5 гадоў, пакуль ён быў у турме. Ні да якой палітычнай структуры з наяўных ён не збіраецца далучацца. Хоча займацца выключна блогерскай дзейнасцю, а галоўную сваю задачу бачыць у тым, каб абвяргаць прапаганду і маніпуляцыі грамадскай свядомасцю, якія пануюць ў беларускіх СМІ. “Пяць гадоў я адчуваў сябе звязаным і з заклееным ротам. Цяпер яны ўпэўнены, выставілі нас з краіны, і ўсё! Але не, давядзецца з намі канкураваць!” - кажа  Дзмітрый Казлоў.  

Блогер вырашыў найперш займець уласную тэхніку - ужо набыў ужываны ноўтбук і маленькі дрон. Першыя гледачы і падпісчыкі ягонага новага Youtube-канала прапанавалі дасылаць яму данаты, але пакуль Дзмітрый Казлоў не мае магчымасці завесці банкаўскі рахунак. Ен узнаўляе свае веды, што да працы ў розных кампутарных праграмах, вывучае магчымасці ChatGPT. Стварыў і новы Telegram-канал для анонсаў сваіх відэаролікаў.

Яшчэ Дзмітрый плануе зрабіць відэаканал з макраздымкамі, каб здымаць прыгажосць прыроды. Гэта будзе непалітычны рэсурс, і найхутчэй у TikTok.

Разам з тым ен разумее, што яго новыя інтэрнэт-рэсурсы могуць неўзабаве прызнаць “экстрэмісцкімі”, як было з першымі   Youtube-каналамі, прызнанымі “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” за некалькі месяцаў да яго вызвалення.

Дзмітрый Казлоў прыгадвае, што ў турме бачыў шмат людзей, асуджаных за данаты так званым “экстрэмісцкім фармаванням” на вялікія тэрміны - нават на 4 гады. Расказвае, як адрэагаваў на смерць у зняволенні мастака Алеся Пушкіна.  Успамінае свае зносіны з экс-палітвязнем, журналістам Ігарам Карнеем, асуджаным за супрацоўніцтва з сайтам БАЖ.  Але падкрэслівае, што не ўсё можа распавесці пра жыццё ў зняволенні, асабліва пра розныя лайфхакі, якія дапамагаюць людзям выжываць за кратамі, бо пра гэта можа даведацца адміністрацыя і пакараць зняволеных.

”Яшчэ ў калоніі я думаў, што трэба будзе па вызваленні з’язжаць з Беларусі, бо мне не дадуць спакойна жыць. Але атрымылася так, што мяне вывезлі, і са сваёй радзімы я нават не магу забраць уласныя рэчы”, - кажа блогер.

Ірына Прытыцкая