Віцебская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ прыняла рашэньне распачаць складаньне сьпісаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх павінны прайсьці ў 2014 годзе, паведамляе прэс-служба партыі па выніках паседжаньня рады 11 лютага. «Мы абмеркавалі неабходнасьць вылучыць кандыдатаў ад Партыі БНФ на ўсіх выбарчых акругах, - цытуе прэс-служба старшыню гарадзкой арганізацыі Аляксандра Кузьняцова. - На выбарах у Віцебскі абласны савет такіх акругаў 60, на выбарах у Віцебскі гарадзкі савет - 40. Сама перадвыбарчая кампанія, хутчэй за ўсё, пачнецца пад канец году, але вызначацца з кандыдатамі, абмяркоўваць і складаць праграмы, пачынаць працу неабходна не за месяц».
Падчас паседжаньня быў абмеркаваны фармат сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка ў Віцебску. Так, цяпер ідзе ўзгадненьне правядзеньня вулічнай акцыі зь мясцовымі камунальнымі службамі, прадстаўнікамі аховы парадку, пасьля чаго будзе пададзеная адпаведная заяўка.
Крыніца: Навіны.by