Так, з агітацыйных улётак, адцэнзураваных Віцебскай гарадзкой камісіяй, зьніклі дадзеныя пра тое, што кандыдат Кузьмін зьяўляецца ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мае дзяржаўныя ўзнагароды – 3 ордэны і 5 мэдалёў.
Затое на ўлётках зьявіліся іншыя зьвесткі: тое, што ён мае судзімасьць. А газэта «Віцьбічы» з падачы камісіі пайшла яшчэ далей: на сваіх старонках яна паведаміла чытачам, паводле якога крымінальнага артыкулу ён быў асуджаны, «забыўшы» пазначыць пры гэтым, што судзімасьць даўно зьнятая.
Вадзім Кузьмін паспрабаваў разабрацца ў сытуацыі, чаму так здарылася. Ён прыйшоў на паседжаньне акруговай камісіі Білеўскай выбарчай акругі № 60 разам са сваёй даверанай асобай – юрыстам. Аднак старшыня камісіі Аляксандар Хрытаненка папросту выставіў апошняга за дзьверы, чым пазбавіў спадара Кузьміна юрыдычнай дапамогі.
«Я – сябра партыі «Справядлівы сьвет». Усе гэтыя дзеяньні – гэта ціск на мяне як на апазыцыйнага кандыдата, – лічыць Вадзім Кузьмін. – Калі б я ішоў ад нейкіх уладных структур, то да мяне ніякіх заўваг не было б».