«Пасьля разьмяшчэньня ў Інтэрнэце асуджэньня разгону ў Кіеве мірнага “Майдану”, пасьля разьмяшчэньня інфармацыі пра тое, што Беларуская кансэрватыўная партыя “Белая Русь” асудзіла разгон ў 2012 годзе мірнай дэманстрацыі на Балотнай плошчы і зьбіраецца далучыцца да міжнароднай ініцыятывы аб правядзеньні Дня памяці ахвяр разгону сьнежня 2010 году ў Менску, пракуратурай Віцебскай вобласьці было вынесенае мне афіцыйнае папярэджаньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі», – паведаміў віцебскі палітык Сяргей Рыжоў.

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 28 лістапада 2013 году Андрэю Іванову і Ігару Скарыновічу прысвоеныя спэцыяльныя званьні палкоўнікаў міліцыі. Зьяўляючыся намесьнікамі начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму, абодва гэтыя супрацоўнікі часта несьлі ахову правапарадку як на санкцыянаваных, гэтак і на несанкцыянаваных мерапрыемствах у Віцебску. Таму многім месьцічам даводзілася сутыкацца зь імі часьцей, чымся зь іншымі міліцыянтамі.

Віцебскі лекар Ігар Пастноў, вядомы крытыкай мясцовых уладаў, паведаміў, што 26 лістапада яго выклікалі да галоўнага лекара ВАКЦ псыхіятрыі і наркалёгіі Мартынавай, дзе папярэдзілі пра тое, што ён займаецца неліцэнзійнай дзейнасьцю. Прычынай выкліку да кіраўніцтва стала зьяўленьне ў інтэрнэце інфармацыі пра тое, што лекар аказваў мэдычную дапамогу зьбітаму палітыкуСяргею Рыжову. Паколькі пасьля зьняцьця пабояў Рыжову не прызначылі лячэньня, дык яго кансультаваў і рабіў ін’екцыі Пастноў.

Адпраўным пунктам рэалізацыі новага сумеснага праекту Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэньні магчымасьцяў пажылых людзей у прыняцьці рашэньняў па пытаньнях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва стане круглы стол, які адбудзецца 29 лістапада ў Віцебску. Пра гэта паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзеньні нясуць дзяжурства на пешаходных пераходах Віцебску, паведаміў часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка ўпраўленьня ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Самуль. “Такую форму працы практыкуем ў сувязі з пагаршэньнем становішча на дарогах. З пачатку году з удзелам пешаходаў у вобласьці адбылося каля 160 ДТЗ. Прыкладна ў палове выпадкаў вінаватымі аварыяў былі пешыя ўдзельнікі руху”, - сказаў Аляксандар Самуль.