Чацвер, 10 Кастрычнік 2024

«Дажынкі» правялі, але добраўпарадкаванне ў аграгарадку Бабінічы правесці цалкам не паспелі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэты факт прызнаў старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз падчас сустрэчы з работнікамі філіяла Беларускай ДРЭС РУП «Витебскэнерго». Аднак недавыкананне планаў, вызначаных да сёлетніх «Дажынак», кіраўніка раёна не бянтэжыць: ён прапанаваў жыхарам Арэхаўска ўжо зараз рабіць прапановы па будучым добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка, бо там запланаваныя «Дажынкі-2026».

Раённая «Аршанская газета» факты няскончанага добраўпарадкавання ў Бабінічах у рэпартажы з «Дажынак», якія прайшлі ў мінулыя выходныя, не згадвае. І сцвярджае, што «к празднику поселок полностью обновился, по его благоустройству была проделана огромная работа, но это того стоило». Праўда, з добраўпарадкаваных і абноўленых аб'ектаў згадвае толькі адкрыццё амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Усё астатняе, што прадэманстравана ў фотарэпартажы – гэта кадры з узнагароджання працаўнікоў сяла, кірмаша ў цэнтры аграгарадка і вечаровага канцэрта.

Гаворачы пра праблемы рэгіёна на сустрэчы ў Арэхаўску , старшыня Аршанскага райвыканкама падкрэсліў, што «они стандартные: ремонт дорожного покрытия на улицах поселка, капитальный ремонт домов, благоустройство дворовых территорий, работа почтового отделения, наличие узких специалистов в местной больнице и прохождение медосмотров на ее базе». Але не патлумачыў, чаму «стандартныя пытанні», якія агучваюць аршанцы з году ў год, так і не знайшлі «стандартных», пазітыўных рашэнняў.

Тым, што атрымалася зрабіць у гэтым накірунку, таксама паспрабавала пахваліцца «Аршанская газета». Паводле артыкула «Узнали, где в Оршанском районе благоустроили дороги во дворах жилых домов», такіх двароў на ўвесь раён аказалася ўсяго тры: адзін у Барані, і два ў вёсках – у Андрэеўшчыне і Міцькаўшчыне.

У Оршы, дзе зараз усе сілы камунальнікаў кінуты на абсталяванне пляцоўкі для флагштока, праблемы камунальнай гаспадаркі таксама стаяць вельмі востра. Падчас сустрэчы гараджан з намесніцай старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікай Нікіцінай, «самыми волнующими традиционно стали вопросы жилищно-коммунального хозяйства и дорожно-транспортного движения». Зноўку «традыцыйна», і зусім не зразумела, калі гэтая традыцыя сыдзе ў нябыт.

Таццяна Мухіна