Паводле інфармацыі ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Віцебскай вобласьці была праведзена праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасьці РУП “Віцебскі ДСК”. Падчас рэвізіі згаданага прадпрыемства выяўлены шэраг грубых парушэньняў заканадаўства ў сфэры жыльлёвага будаўніцтва.

Камітэт дзяржаўнага кантролю адзначае рост зьнешняй дэбіторскай запазычанасьці ў Віцебскай вобласьці. Па дадзеных на 1 ліпеня яна склала 5838 мільярдаў рублёў. У КДК Віцебскай вобласьці назвалі і лічбавае пацьверджаньне гэтаму факту. З пачатку года дэбіторская запазычанасьць павялічылася на 6,4%. Пратэрмінаваная зьнешняя дэбіторская запазычанасьць павялічылася на 20,8% ( 77,2 мільярдаў рублёў). Найбольшы рост пратэрмінаванай запазычанасьці - на 52,9% дапушчаны арганізацыямі рэспубліканскага падпарадкаваньня.

Генэральная пракуратура Беларусі і МУС правялі ў жніўні праверку выкананьня заканадаўства аб прафіляктыцы правапарушэньняў у Віцебскай вобласьці. Як паведамілі ў Генпракуратуры, за сем месяцаў 2013 году на тэрыторыі вобласьці практычна ў 2,5 разы ўзрасла колькасьць вымаганьняў, у 2 разы - хуліганстваў, у 1,5 разы - махлярстваў, на 14,3% - забойстваў.

Супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК па Віцебскай вобласьці сумесна з УКДБ па Віцебскай вобласьці і АМАП УУС Віцебскага аблвыканкаму ў ходзе правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрымалі ўдзельнікаў злачыннай групы ў горадзе Полацку, якія займаліся фінансавымі махінацыямі на тэрыторыі Віцебскага і Менскага рэгіёнаў.

Былы абаронца футбольнага клюбу “Віцебск” Аляксей Халецкі прыгадаў час, праведзены ў клюбе. І распавёў пра падман чыноўнікаў наконт спартыўнай Віцебскай вобласьці: “Непрыемна зьдзівіла, што ашукалі ўвесь калектыў наконт грошай. І была абыякавасьць да каманды з боку мясцовых уладаў. Гэткай чынавенскай абыякавасьці да футбола я не сустракаў у ніводнай камандзе, дзе гуляў. Корань праблем віцебскага спорту ў тым, што працаўнікі аблвыканкаму і гарвыканкама абыякавыя да гульнявых відаў. А замест дапамогі футболу яны прыкрываюцца нейкімі мэдалямі па відах спорту, якія мала каму цікавыя”.